Узяць старое, зрабіць з яго новае і адначасова паімправізаваць на тэму Шагала — лёгка! Карэспандэнткі Budzma.by пабывалі на мантажы і адкрыцці выставы «Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала».

«Дзверы, мне патрэбныя дзверы! Шмат дзвярэй! Пажадана белыя і абавязкова з вушакамі». Падрыхтоўка да «РэЭвалюцыі» (праекта, які стаў часткай «Вяртання вобраза») для мастачкі, што працуе ў тэхніцы трэш-арт, Таццяны Гомзы — гэта асобны перформанс. У шэдэўр мастачка ператварае ўсё што заўгодна — ад звычайнай гайкі да перагарэлай лямпачкі. Гэтым разам ёй у рукі трапілі звычайныя дзверы — адны Таццяна знайшла на сметніку, другія пазычыла ў сябры-мастака. На дзвярах намаляваная каза, улюбёны матыў Марка Шагала.

Праект «РэЭвалюцыя» ў межах глабальнай выставы стаіць нібыта асобна — як стылістычна (мастакі выкарыстоўвалі ўсё, што людзі хацелі аднесці на сметніцу, але аднеслі мастакам), так і тэрытарыяльна: беларускі «рэсайкл» адсялілі на падворак Палаца мастацтваў і на пляцовачку ля лесвіцы. Дарэчы, паўдзельнічаць у праекце мог кожны ахвоччы. За некалькі дзён да адкрыцця арганізатары пачалі заклікаць праз сацсеткі: маўляў, прыносьце непатрэбны хлуд — мы аператыўна ператворым яго ў мастацтва. І людзі неслі: плюшавых мядзведзікаў, стары пыласос, зламаны ноўтбук…. З хлуду ўтварылася гара, над якой узвышаецца крыж са старых валізак — інсталяцыя скульптара Паўла Вайніцкага, аднаго з аўтараў праекта. По словах Паўла, мастакі ўзялі смецце і сур’ёзна з ім папрацавалі, паказаўшы, што матэрыял не вызначае глыбіні і важнасці таго, што творца хоча паведаміць сваім творам. Яны імкнуліся прадэманстраваць сучаснае — глыбокае і адказнае — мастацтва.

Наколькі атрымалася — вырашаць гледачам. Але пабываць на «РэЭвалюцыі» дакладна варта. Хаця б дзеля атмасферы: прастора праекта нагадвае нейкую сюррэалістычную марсіянскую майстэрню: іржавыя трубы, дзіўныя цмокі з рыззя, караблі, якія нібыта прыплылі з выспы стымпанку.

І ўвогуле, сёлета на выставе сучаснага мастацтва фармат інсталяцыі і арт-аб’екта стаў ледзь не ключавым. На ганку Палаца гасцей вітае ярка-чырвоны насарог-ванна Валерыя Малахава, на другім паверсе таксама шмат цікавага. Экзістэнцыйная веладарожка «ў нікуды» кераміста Алены Чэпелевай, таленавітая шкляная варыяцыя «Выкрадання Еўропы» Жанны Марозавай, гіганцкія перламутравыя жукі з пластыку, металу і шкла ад Сяргея Бандарэнкі, баваўняныя нябесныя плыні Марыі Барысенкі, ёлка з лямпачак (аўтар — Васіль Шлапак) і водная сістэма Беларусі ў трохлітровых слоіках. Мастачка Кацярына Сумарава ў літаральным сэнсе слова закансервавала раку Прыпяць, возера Асвея і іншыя вадаёмы Сінявокай.

Замкнёная прастора, створаная Арцёмам Мядзведзевым (арт-аб’ект «Тленны палон»), акунае гледача ў касмічны змрок. Па сутнасці, гэта чорны пакой, дзе можна паназіраць за хтанічнымі працэсамі нябеснай механікі. У цэнтры пакоя змешчаная скульптурная кампазіцыя. Яе звернутая да крыніцы святла паверхня спярэшчаная кратарамі — такі вось своеасаблівы Месяц. З адваротнага боку нябеснае цела набывае іншую форму — адвернуты ад зямлі твар ніколі не ўбачыць зямны свет — яго позірк звернуты ў глыбіні космасу, у чорную прастору сусвету, дзе ў дадзеную хвіліну адбываецца сапраўдны цуд — нараджэнне новай зоркі.

Апісваць усё, што адбываецца на выставе, словамі не мае сэнсу — калекцыя сучАРТа грандыёзная па колькасці экспанатаў. Тут вам і графічныя «трэнажоры для вачэй» ад Цэслера, і грандыёзнае палатно велічынёй з цэлы сусвет ад Алеся Родзіна, і шмат чаго іншага. За ўсім гэтым арт-хуліганствам назіраюць «Закаханыя» Шагала — вядомая праца майстра, набытая на аўкцыёне Белгазпрамбанкам.

Выстава «Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала» праходзіць гэтымі днямі на трох пляцоўках (акрамя Палаца мастацтваў — яшчэ і Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва на праспекце Незалежнасці, 47 і на Някрасава, 3) і будзе працаваць да 21 траўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?