Некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў Венесуэлы прынялі ў сераду ўдзел у масавых пратэстных акцыях у сталіцы краіны Каракасе і яшчэ ў 20 гарадах краіны. Як паведамляюць СМІ са спасылкай на відавочцаў, падчас акцыі ў Каракасе студэнт атрымаў кулявое раненне ў галаву, у выніку чаго памёр.

Reuters

Дэманстранты патрабуюць правядзення датэрміновых выбараў і вызвалення з турмы лідараў апазіцыі, піша ВВС. 

Апазіцыйныя акцыі, што адбыліся сёння, могуць стаць найбуйнейшымі ў краіне за апошнія тры гады. Актывісты ўжо называюць іх «маці ўсіх пратэстаў» і «другім днём незалежнасці».

Паралельна ў Каракасе прайшоў і марш прыхільнікаў дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадуры, якія абвінавачваюць апазіцыйных актывістаў у спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот.

AFP

У Венесуэле працягваецца супрацьстаянне паміж прэзідэнтам і апазіцыяй, якая кантралюе парламент. Праціўнікі Мадуры лічаць, што яго палітыка прывяла да наймацнейшага эканамічнага крызісу і падаўлення дэмакратычных свабод.

Паводле даных МВФ, узровень інфляцыі ў краіне сёлета можа перавысіць 700%.

Сам прэзідэнт кажа, што яго апаненты спрабуюць зладзіць дзяржаўны пераварот пры падтрымцы ЗША.

Напярэдадні міністэрствы замежных спраў 11 лацінаамерыканскіх краін звярнуліся да Мадуры з просьбай правесці датэрміновыя выбары ў сваёй краіне, каб пакласці канец эканамічнаму крызісу і палітычнай нестабільнасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру