«КамАЗ» прапрацоўвае магчымасць стварэння СП для вытворчасці рухавікоў з кітайскай Weichai Power у Яраслаўлі. Пра гэта піша «Коммерсант» са спасылкай на пратакол расійска-кітайскай міжурадкамісіі па інвестпраектах. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што паўгода таму Мінск хацеў наладзіць зборачную вытворчасць з Weichai Power у індустрыяльным парку «Вялікі камень», паведамляе TUT.BY.

На «КамАЗе» пацвердзілі, што праект у стадыі прапрацоўкі. У кампаніі не раскрываюць параметры праекта, але распавялі, што ставяць рухавікі Weichai Power на грузавікі, якія працуюць на газе (каля 1 тыс. штук у год). Крыніца расійскага выдання мяркуе, што «КамАЗ» можа размясціць вытворчасць СП на магутнасцях Тутаеўскага маторнага завода (у «КамАЗа» 49,95% статутнага капіталу).

Weichai Power — адна з найбуйнейшых маторабудаўнічых кампаній КНР. Восенню мінулага года кампанія спрабавала зайсці на рынак ЕАЭС, падпісаўшы з Беларуссю мемарандум аб стварэнні СП па выпуску дызельных рухавікоў.

Будаўніцтва завода плануецца ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», паведаміў у кастрычніку 2016 года міністр прамысловасці Віталь Воўк. Ён казаў, што МАЗ ужо выкарыстоўвае рухавікі гэтай кітайскай кампаніі. Мінскі маторны завод мае праграму развіцця да 2030 года, а таксама рэалізуе праграму па развіцці дызелебудавання, што патрабуе прыцягнення партнёраў. «Па гэтай праграме нам неабходныя партнёры, таму што ўсю лінейку рухавікоў мы не робім, у нас няма для гэтага пакуль і магутнасцяў, і некаторай кампетэнцыі», — тлумачыў Воўк (цытата па БелТА). Таму было прынята рашэнне аб прыцягненні ў якасці партнёра кітайскай Weichai Power.

«Праект рухаецца. Падабраны зямельны ўчастак, ёсць генплан будучай вытворчасці. Бакі цяпер вырашаюць аргпытанні», — запэўнілі TUT.BY у «Вялікім камені».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0