У Магілёве затрымалі 43-гадовую мясцовую жыхарку. Каб зарабіць нелегальным шляхам жанчына ладзіла сапраўдны тэатр з пераапрананнямі.
«Са жніўня 2015 года да красавіка 2017 года ў Магілёве, Мінску і Слаўгарадзе, жанчына падманным шляхам завалодала больш за 780 000 рублёў», — паведамляе магілёўская міліцыя.
Затрыманая жанчына. Фота — прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама
Як распавёў намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС падпалкоўнік міліцыі Аляксей Бандарэнка, жанчына прадстаўлялася грамадзянам начальнікам Мінскай рэгіянальнай мытні, намеснікам начальніка ДАІ і начальнікам іншых аддзелаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, палкоўнікам міліцыі на высокай пасадзе.
Яна пераконвала грамадзян, што мае доступ да канфіскаванай маёмасці, якую мае права прадаць. Кошт гэтай маёмасці яна наўмысна заніжала ў дзясяткі разоў.
Для большай упэўненасці грамадзян жанчына апранала форменнае абмундзіраванне супрацоўніка міліцыі, і прызначала месца сустрэчы паблізу адміністрацыйных будынкаў органаў унутраных спраў.
За здзелкі жанчына атрымлівала грошы як у валюце, так і ў беларускіх рублях, і абяцала, што ў бліжэйшы час «кліенты» атрымаюць набытае, а перададзеныя ёй грашовыя сродкі ідуць у даход дзяржавы.
Праўда, пры заключэнні чарговай «здзелкі» жанчыну затрымалі.
У цяперашні час з заявамі ў міліцыю звярнуліся шэсць пацярпелых, але па інфармацыі, якая маецца ў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, іх колькасць значна большая.
УСК Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці заведзена крымінальная справа за махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры. Затрыманай пагражае пазбаўленне волі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Дарэчы, жанчына была раней неаднаразова судзімая за махлярства.
Грамадзянам, якія маюць інфармацыю аб супрацьпраўных дзеяннях падазраванай, просьба звярнуцца па тэл. (022) 295-523, 295-518, 295-507 або 102.