20 красавіка стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго беларускага бізнэсоўца. На гэты раз быў затрыманы Эрнэст Аляксееў, буйны пастаўшчык беларускай тэхнікі ў Туркменістан.
Эрнэст Аляксееў
«Наша Ніва» падсумавала ўсю вядомую пра Аляксеева інфармацыю.
Yaraw — значыць «магутны»
49-гадовы Эрнест Аляксееў — сузаснавальнік і генеральны дырэктар холдынга «Yaraw», які з 1997 года працуе ў Туркменістане. У перакладзе з туркменскай мовы «Yaraw» значыць «магутны».
Стэнд «Yaraw» на прамысловай выставе, фота yaraw.com
Кампанія — афіцыйны дылер вырабленай у СНД тэхнікі, у тым ліку «МАЗа», «Амкадора», «БелАЗа» і прадукцыі іншых заводаў, у тым ліку і расійскіх.
Акрамя таго, Аляксееў — член створанага ў 2008 годзе расійска-туркменскага Дзелавога савета, куды ўваходзіць 77 бізнэсоўцаў. Савет — некамерцыйная арганізацыя, асноўнай мэтай якой з'яўляецца аб'яднанне намаганняў і каардынацыя дзеянняў прадпрымальніцкіх колаў Расіі і Туркменістана.
Працаваў са стваральнікам «Ё-мабіля»
Кампанія Yaraw выйшла з вядомай групы «Яравіт», заснаванай Андрэем Біруковым і яго партнёрамі. Бірукоў — вядомы беларускі бізнэсовец, які паступова перавёў сваю дзейнасць у Расію.
Андрэй Бірукоў
У 2010 годзе Міхаіл Прохараў зацікавіўся распрацаванай беларускімі спецыялістамі, якія працавалі ў Бірукова ў «Яравіт мотарс», ідэяй гібрыднага аўтамабіля. Так з'явіўся праект «ё-аўта». Кампанія Бірукова атрымала ў «Гарадскім аўтамабілі» долю ў 49%, кантроль застаўся за структурамі Прохарава.
Адна з мадэляў «Ё-мабіля»
Планы пачаць серыйны выпуск пастаянна мяняліся. У 2014 годзе Андрэй Бірукоў быў зняты з пасады кіраўніка праекта, а ў пачатку 2014 года быў зачынены і сам праект. Вясной 2014 года асноўны ўладальнік «ё-аўта», група «ОНЭКСИМ», за 1 еўра перадала ўсе тэхналогіі дзяржаўнаму Цэнтральнаму навукова-даследчаму аўтамабільнаму і аўтаматорнаму інстытуту.
У канцы 90-х Бірукоў таксама быў членам савета дырэктараў завода «Машынабудаўнік» у Васкрасенску, што ў Падмаскоўі. Ён быў і акцыянерам, меў 5%. Таксама акцыянерам, і таксама з 5%, быў і Аляксееў.
«Бэнтлі» за $600 тысяч згарэла пасля ДТЗ
Улетку 2013 года Эрнэст Аляксееў трапіў у рэзанасную аварыю. На трасе, якая вядзе ў Нацыянальны аэрапорт, «Бэнтлі» бізнэсоўца ляцеў на вялікай хуткасці і ўрэзаўся ў стары «Фальксваген Пасат», што разварочваўся праз раздзяляльную зону. Пасля ўдару «Бэнтлі» урэзаўся яшчэ ў тры машыны і загарэўся. На шчасце, у аварыі ніхто не пацярпеў. Па словах відавочцаў аварыі, пакінуўшы машыну, бізнэсмен сеў на металічны адбойнік і стаў піць сок з пакета, гледзячы, як дагарае «Бэнтлі».
Фота kp.by
Элітная машына згарэла цалкам. Яна была набытая ў Рызе ў афіцыйнага дыстрыбутара ў канцы 2009 года за 660 тысяч даляраў: 530 тысяч каштаваў сам аўтамабіль, яшчэ 130 тысяч сышло на дапрацоўку інтэр'еру, знешняга выгляду і матора.
Так «Бэнтлі» выглядала да аварыі. Фота kp.by
Дарэчы, вінаватым у аварыі прызналі 21-гадовага студэнта, кіроўцу «Фальксвагена». Яго пазбавілі правоў на год. А ў дачыненні да Аляксеева адміністрацыйная вытворчасць нават не пачыналася.
Сусед Чыжа
У сталічным доме з самымі высокімі коштамі — так званым «Доме Чыжа» — набыў сабе жыллё і Аляксееў.
Найменшая па памеры кватэра тут — аднапакаёвая кватэра плошчай каля 65 м2. Яе кошт складае $200 тысяч.
Дакладны памер кватэры Эрнэста Аляксеева невядомы. Але сусед бізнэсоўца — сам Чыж. Яго кватэра плошчай больш за 300 м2 перапісаная на жонку, дырэктара фітнес-цэнтра Evo — Святлану Чыж.
За што затрымалі?
Следчы камітэт паведаміў, што Аляксееў — падазраваны па справе аб прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, якую здзейсніла група асоб па папярэдняй змове.
Улетку 2014 года тагачасны прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і прэзідэнт Туркменістана дамовіліся пабудаваць сэрвісны цэнтр у Ашхабадзе. Планавалася, што ў цэнтры будуць прадаваць і абслугоўваць беларускую тэхніку, гандляваць запчасткамі і рыхтаваць кадры (кіроўцаў, механікаў, электрыкаў).
Агульная тэрыторыя цэнтра складала 22 тыс. кв. м. Кошт праекту ацэньваўся ў 10,5 млн даляраў. Здаць цэнтр планавалася ў снежні 2015 года.
Аляксееў паказвае Мясніковічу будучы сервісны цэнтр
Таксама Аляксееў казаў, што сервісныя цэнтры па абслугоўванні беларускай тэхнікі рэальна стварыць у кожным рэгіёне Туркменістана.
Але ж цэнтр у Ашхабадзе і па сёння не дабудаваны ў поўным аб’ёме.
А Эрнэсту Аляксееву цяпер пагражае да 5 гадоў.
«Забудзьце гэты нумар назаўсёды»
Каментаваць затрыманне Аляксеева не хочуць ані сваякі, ані супрацоўнікі кампаніі Yaraw.
Бацькі бізнэсоўца параілі «Нашай Ніве» «забыць іх тэлефонны нумар назаўсёды».
У туркменскай кампаніі Yaraw «Нашай Ніве» паведамілі, што затрыманне Аляксеева яны не каментуюць.





