На фоне ўзмоцненых трэнняў з нагоды ракетных і ядзерных амбіцый КНДР амерыканскія ваенныя прыступілі да разгортвання ў Паўднёвай Карэі сістэмы супрацьракетнай абароны THAAD, што выклікала вельмі неадназначную рэакцыю як унутры краіны, так і за мяжой, піша ВВС.

У правінцыі Санджу, куды ў сераду перавезлі абсталяванне комплексу, калону амерыканскай ваеннай тэхнікі сустрэлі сотні дэманстрантаў, якія пратэстуюць супраць размяшчэння там сістэмы СРА.

Пекін заяўляе, што разгортванне комплексу THAAD падрывае бяспеку ў рэгіёне.

Баючыся, што Пхеньян плануе новыя ракетныя і ядзерныя выпрабаванні, ЗША ўжо адправілі да ўзбярэжжа Карэйскага паўвострава авіяносную групу.

На сераду прызначаны і сакрэтны брыфінг у Белым доме, на які запрошаныя адразу ўсе 100 членаў амерыканскага сената. Акрамя таго, Вашынгтон звярнуўся ў Раду Бяспекі ААН з заклікам неадкладна заняцца рашэннем паўночнакарэйскай праблемы і паралельна паспрабаваў заручыцца падтрымкай Пекіна.

Сістэма THAAD (Terminal High Altitude Area Defense) — мабільны комплекс наземнага базавання, прызначаны для перахопу балістычных ракет малой і сярэдняй далёкасці і закліканы абараніць Паўднёвую Карэю ад ракетнай пагрозы з боку паўночнага суседа.

Як удакладнілі ў паўднёвакарэйскім міністэрстве абароны, размяшчэнне сістэмы СРА было ўзгоднена яшчэ летась, аднак у эксплуатацыю яна будзе ўведзеная толькі да канца 2018 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?