На адным з інфармацыйных стэндаў у аддзяленні брэсцкай транспартнай міліцыі з’явіўся стэнд з фотаздымкамі ўдзельнікаў «маршаў недармаедаў».

Некалькі дабразычліўцаў даслалі Андрэю Шарэндзе ды іншым людзям, што аказаліся пад увагай праваахоўнікаў, інфармацыю пра гэты стэнд з папярэджаннем быць больш абачлівымі, паведамляюць праваабаронцы-«вясноўцы».

«Яшчэ перад 25 сакавіка да мяне даходзіла інфармацыя пра тое, што па ўсіх РАУСах і апорных пунктах міліцыі ў Брэсце разасланы нейкі спіс на затрыманне і дагляд.

Наколькі я ведаю, за тымі людзьмі, якія змешчаныя на фатаздымку, міліцыянты і людзі ў цывільным ўважліва сачылі ды чакалі пад домам міліцыянты», — распавёў «вясноўцам» Андрэй Шарэнда.

На раздрукаваным лісце фотаздымкі лідараў Маршаў: Аляксандр Кабанаў, Наталля Папкова, якія былі пакараныя суткамі, а таксама брэсцкія хлопцы-анархісты.

«Гэта не мае нічога агульнага з правам і законам, а проста «паляванне на вядзьмарак». Гэтыя людзі адбылі свае арышты і атрымалі свае штрафы за ўдзел у акцыях, альбо былі затрыманыя прэвентыўна ў сувязі з грамадзкай актыўнасцю. Вывешваць жа іх на стэнд і караць па надуманых прычынах — проста супрацьпраўна. Спадзяюся, на такія выпадкі адрэагуе пракуратура, у якую мы плануем звярнуцца па гэтым факце, і такая ганебная практыка спыніцца», — адзначыла праваабаронца Наста Лойка.

Праўда, брэсцкая міліцыя абвяргае інфармацыю пра здымкі. Па словах прэс-службы УУС Брэсцкага аблвыканкама, ні ў адным з аддзяленняў транспартнай міліцыі Брэста няма падобных фотаздымкаў на інфармацыйных стэндах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?