На Радаўніцу ў сяле Прылукі (Брэсцкі раён) прайшла працэсія на старыя могілкі. Упершыню ад 1946 года — у той год Савецкі Саюз увёў «пагранічную паласу».

Вёскі над Бугам тады трапілі пад высяленне. Прылукі, Заказанка, Дурычы, Збунін — жыхары дзясяткаў паселішчаў мусілі пакінуць свае дамы. Гэта была людская драма, а часам і трагедыя. Яе дагэтуль мала ведаюць.

Людзі чакаюць каля граніцы.

Людзі чакаюць каля граніцы.

Жыхароў не пускалі нават на могілкі.

Могілкі знаходзяцца на паўднёвы захад ад вёскі Прылукі:

Могільнік там стары. Увогуле, Прылукі і Заказань — вельмі старыя паселішчы. Тут, на пясчаных грудах сярод даліны Буга, людзі жывуць без перапынку ўжо 10 тысяч гадоў.

Так выглядаюць гэтыя месцы з космасу:

У 2017 годзе стараннямі айца Дзмітрыя, новага святара Пакроўскай царквы, што ў Прылуках, і дзякуючы падтрымцы пагранічнікаў жыхары атрымалі магчымасць схадзіць на старыя могілкі без прапускоў, па пашпартах. Старых жанчын пагранічнікі падвезлі сваёй машынай. Адна жанчына плакала ад эмоцый, сядаючы ў аўтамабіль.

Хрэсны ход ці, па-старому кажучы, «працэсія» ішла па тым самым полі — «лука» азначае «прырэчная лугавіна ў выгіне, «луцэ» ракі», — якое даўным-даўно дало назву Прылукам.

Хрэсны ход ішоў ад прапускнога пункту «лукою», што ў старадаўнія часы дала назву вёсцы.

Хрэсны ход ішоў ад прапускнога пункту «лукою», што ў старадаўнія часы дала назву вёсцы.

Ад могілак за 70 гадоў мала што ацалела: два дзясяткі паўразбураных помнікаў.

86-гадовая Вера Свірыд з Заказанкі спадзявалася знайсці магілу дзеда. Але знаку ад яе не засталося.

86-гадовая Вера Свірыд з Заказанкі спадзявалася знайсці магілу дзеда. Але знаку ад яе не засталося.

Даўнішні помнік з выбітым на ім крыжом у авале з кропачак.

Даўнішні помнік з выбітым на ім крыжом у авале з кропачак.

Людзі навобмацак спрабуюць расчытаць старыя надпісы.

Людзі навобмацак спрабуюць расчытаць старыя надпісы.

Наталля, сястра спевака і кампазітара Ігара Карнелюка, які таксама каранямі з гэтых мясцін, знайшла магілу сваёй бабы Акуліны. Тая памерла ў 1935-м 30-гадовай. «У мяне слёзы пацяклі!» — кажа яна.

Наталля (у малінавай куртцы) знайшла магілу бабы, якая памерла 30-гадовай у 1935 годзе.

Наталля (у малінавай куртцы) знайшла магілу бабы, якая памерла 30-гадовай у 1935 годзе.

Наталля прынесла з сабой кветкі.

Злева пахаваная Акуліна Карнялюк — баба спевака Ігара Карнелюка. Справа на помніку можна разабраць прозвішча Макарук. 

Злева пахаваная Акуліна Карнялюк — баба спевака Ігара Карнелюка. Справа на помніку можна разабраць прозвішча Макарук. 

Царкоўныя актывісты пачалі расчыстку старога кладавішча.

Старыя могілкі пачалі парадкаваць дзякуючы ініцыятыве айца Дзмітрыя з Пакроўскай царквы Прылук і дазволу пагранічнікаў.

Як успамінаюць старыя людзі, на могілках дрэваў не было, цяпер жа яны зараслі лесам.

Сям'я з Прылук знайшла магілу цёткі.

Сям'я з Прылук знайшла магілу цёткі.

На могілках паставілі жалезны крыж.

Магчыма, некалі ўдасца ідэнтыфікаваць і дастаць тыя пліты, што ўпалі і зацягнуліся зямлёй.

На могілках калісь часта садзілі барвінак.

На могілках калісь часта садзілі барвінак.

Можна было б абазначыць і старыя курганы. Тады гэтае месца стане не толькі месцам памяці, але яшчэ і ўнікальным гістарычным помнікам — могілкі як сувязь часоў і адначасова ахвяра высяленняў у ХХ стагоддзі.

Заснавальніца тэатра і арт-прасторы «Крылы Халопа» з Брэста Аксана Гайко знайшла магілу свайго прадзеда Мяльяна Гарбацюка, які памёр у 1937 годзе.

«Пачуцце нерэальнасці, — напісала Гайко ў сябе ў фэйсбуку, — харугвы і вышка, дрот і алені, што свабодна бягуць па полі, пагранічнікі і пеўчыя, людзі, якія ўспамінаюць, дзе што знаходзілася на гэтым «полі», астаткі магіл і гісторыі, гісторыі… Магілы маіх прадзеда і прабабкі — амаль адзіныя захаваныя, бо «він богатый буў»…» — піша Гайко. Яна з горыччу дадае, што ёй не ўдалося пакуль «пайсці далей могілак і пабачыць месца, дзе стаялі забраныя ў дзеда дом, лес і азёры».

Аксана Гайко (па бацьку — Гарбацюк) сышла з могілак апошняй.

Аксана Гайко (па бацьку — Гарбацюк) сышла з могілак апошняй.

Айцец Дзмітрый у сваёй кароткай казані нагадаў, што людзі ўваскрэснуць і ўздымуцца на Страшны Суд з таго месца, дзе яны пахаваныя. Хай жа гэтае месца будзе дагледжаным, сказаў ён.

Стол замест алтара: на старых могілках высвяцілі крыж і адслужылі паніхіду.

Стол замест алтара: на старых могілках высвяцілі крыж і адслужылі паніхіду.

Як пішуць гістарычныя энцыклапедыі, на месцы старых Прылук і Заказанкі выяўленыя сляды стаянак мезаліту, неаліту і селішчаў Сярэднявечча. Адно з урочышчаў каля Заказанкі называлася Гарадзішча. Захаваліся курганы ХІІІ стагоддзя. На другім беразе Буга, у Кастамалотах захаваўся абраз святога Мікіты, падораны ў 1631 годзе жыхаркай сяла Прылукі «Хвядорай з мужам і сынамі». У XVIII стагоддзі Прылукі былі цэнтрам воласці, а суседняя Заказанка была пазначаная на картах як «Заказанне» і месцілася на востраве між рукавамі прытоку Буга Спанаўкі.

У 1905 годзе ў Прылуках было 1459 жыхароў. Да 1921 года гэтая лічба скарацілася да 383 чалавек — астатнія загінулі ў часе «бежанства» ў Расіі. 

Царква ў Прылуках была збудаваная ў ХІХ ст.

Царква ў Прылуках была збудаваная ў ХІХ ст.

Высяленне людзей з-пад мяжы было тыповым для савецкага таталітарызму рашэннем. Адгароджваліся нават ад краін «народнай дэмакратыі». У «пагранічную паласу» трапіла зона 800 метраў ад ракі. Між тым большасць сёлаў спрадвеку стаяла над вадою. Для параўнання: з другога боку Буга, у Польшчы, усе засталіся жыць на сваіх месцах, нават калі хата стаяла за 20 метраў ад Буга.

«У Старой Заказані ў нас быў сад вялікі, свае пчолы. А на новым месцы — ні яблынькі. У калгасе працавалі за трудадні, «за палачкі», як казалі. А мне летам так хацелася яблычка… А купіць няма за што. Бывала, пабачу на вуліцы недагрызак, памыю яго і з'ем, — расказвае ўраджэнка Заказанкі Валянціна (у дзявоцтве Карнялюк). — А дзед мой Рыгор так любіў пчоламі займацца. Ён высялення не вынес. Выйдзе з хаты, сядзе і глядзіць на захад, дзе ўсё жыццё засталося. Так і памёр, змарнеў», — расказвае Валянціна.

Здзічэлая сліва — тое, што засталося ад сядзіб старога сяла.

Здзічэлая сліва — тое, што засталося ад сядзіб старога сяла.

Над вадою відаць работа баброў. А з кустоў пры нас выскачылі тры казулі. У пагранічнай зоне адчужэння, як у запаведніку, прыволле звяр'ю і рыбіне. «Я бачыў статак з шасцідзесяці казуль!» — расказвае лейтэнант-пагранічнік, які суправаджаў людзей.

Старыца рэчкі Прырва, прытоку Буга, што цячэ праз Прылукі.

Старыца рэчкі Прырва, прытоку Буга, што цячэ праз Прылукі.

Так выглядаюць новыя могілкі Прылук. Тут хаваюць людзей ад 1945 года.

Так выглядаюць новыя могілкі Прылук. Тут хаваюць людзей ад 1945 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?