Настаўніцы 218-й мінскай школы прыйшлі ў дом да былога намесніка старшыні Руху «За Свабоду» палітолага Алеся Лагвінца і яго жонкі Веранікі Мазуркевіч, каб праверыць, ці не знаходзіцца іх аднагадовае дзіця ў «сацыяльна небяспечным становішчы». Свой візіт двое педагогаў патлумачылі пастановай, якая прыйшла ім з суда, паведамляе radyjo.net.

фота Змітра Русака

Настаўніцы перапісалі мэблю ў кватэры грамадскага дзеяча і праверылі, ці ёсць на вокнах фіранкі. З размовы педагогаў Вераніка Мазуркевіч зразумела, што сярод сем'яў, якія ім загадалі праверыць, знаходзяцца некалькі сем'яў, дзе бацькі былі пакараныя за ўдзел у нядаўніх палітычных пратэстах.

«Яны зайшлі ў кватэру і пачалі зачытваць мне пастанову суда. Пасля гэтага яны папрасілі мяне «растлумачыць паводзіны мужа». Яны папрасілі мяне паўплываць на мужа, таму што, «калі працягнуцца такія выпадкі», то нашу сям'ю могуць паставіць на ўлік як небяспечную для маленькага дзіцяці, — распавядае Вераніка Мазуркевіч. — У любым выпадку, іх прыход быў накіраваны на тое, каб запалохаць, якім-небудзь чынам паўплываць на бацькоў, для якіх, безумоўна, самае дарагое — гэта дзеці.

23 сакавіка Алеся Лагвінца затрымалі і збілі амапаўцы ў цывільным. Чатыры дні ён правёў пад вартай у шпіталі, пасля чаго суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Віктар Казак пакараў яго 10 суткамі арышту. На судзе амапаўцы заявілі, што палітолаг «лаяўся матам», а пералом носа і чэрапна-мазгавую траўму Алесь Лагвінец атрымаў, бо «сам біўся галавой аб крэсла ў службовай машыне».

Чытайце таксама: «Трэба было распісацца, а ў ЗАГСах кажуць: «Вы што? Гэта так хутка не робіцца!» — сямейная гутарка з Лагвінцамі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0