У сталіцы ЗША Вашынгтоне 9 мая плануецца правядзенне канферэнцыі па Беларусі. Яе арганізатарамі выступаюць Атлантычная Рада, а таксама Джэймстаўнскі фонд. З Беларусі на яе паклікалі кіраўніка «Ліберальнага клуба» Яўгена Прэйгермана і намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанку.

Рэдактар новых медыя радыё «Свабода» Франак Вячорка ў сваім фэйсбуку напісаў з гэтай нагоды наступнае: «Пасля тактычнай перамогі па прыпыненні амерыканскіх санкцый група падтрымкі Лукашэнкі едзе з гастролямі ў Вашынгтон. Няпростая задача ўскладзеная на намесніка Макея Алега Краўчанку і Яўгена Прэйгермана. Ім трэба пераканаць Захад, што пасадкі і разгоны — усяго толькі тэхнічны збой, а «лібералізацыя» працягваецца. Усё гэта анансуецца як неабходнасьць працягу «дыялогу», хаця гэта ўсё менш нагадвае дыялог, а хутчэй бандыцкі шантаж: маўляў, альбо вы падтрымаеце Лукашэнку, альбо мы здаем краіну Пуціну».

У каментарах да паста Франак Вячорка выказаўся аб тым, што Прэйгерман працуе ў праекце міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і адстойвае іх інтарэсы.

«Наша Ніва» патэлефанавала Яўгену Прэйгерману, каб высветліць падрабязнасці гэтага візіту.

«Я з’яўляўся сталым аўтарам The Jamestown Foundation, таму, відаць, мяне і запрасілі. Спачатку збіраліся рабіць больш прадстаўнічую канферэнцыю, запрасіць нашмат больш спікераў. Але Атлантычная рада захацела зрабіць меншы фармат. Наколькі я ведаю, на канферэнцыі таксама будзе прысутнічаць намеснік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпентэр, які летась прыязджаў у Беларусь.

Мы не едзем з Алегам Краўчанкам як прадстаўнікі адной дэлегацыі. Я толькі бачыў, што ён удзельнічае, але як ён едзе, я не ведаю.

Пакуль да канца не ведаю, якая будзе павестка дня, таму і пазіцыі да канца не маю. Мая пазіцыя будзе блізкая да таго, што я пішу апошнім часам. Што тычыцца санкцый, то я заўсёды казаў — гэта найгоршае, што можа быць для Беларусі. Пра гэта я пісаў у артыкуле, які вы крыху арыгінальна падалі на сайце.

Мне цяжка каментаваць глупствы адносна таго, што я працую ў праекце Макея. Можа, людзям вядома пра мяне больш, чым мне самому. Калі людзі не хочуць чуць аргументацыю, а здзяйсняюць персанальную атаку, то гэта характарыстыка гэтых людзей.

На мой погляд, адна з галоўных праблем Беларусі — замест таго, каб думаць па-еўрапейску, як нам выбудоўваць еўрапейскую краіну, у тым ліку ў міжнародных адносінах, пачынаюцца атакі, калі хтосьці не згодны ў меркаваннях. У гэтым плане я не разумею, як Франак Вячорка адрозніваецца ад БТшнай прапаганды. Мне балюча бачыць, што раскол па пытаннях мінулага і будучыні Беларусі пачынае праходзіць не па стандартных лініях «улада — апазіцыя», а паміж людзьмі, якія бачаць усё ў чорна-белым святле і з’яўляюцца па сваіх дагматах радыкальнымі марксістамі, не прымаючы іншае меркаванне. Калі ёсць нейкія пытанні, то заўсёды можна патэлефанаваць і распытаць», — сказаў для «Нашай Нівы» Яўген Прэйгерман.

Мы будзем сачыць, як пройдзе канферэнцыя ў Вашынгтоне і якія пазіцыі будуць адстойваць на ёй беларускія спікеры.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру