16-гадовы хлопец, які падазраецца ў забойстве дзядулі і бабулі ў Слоніме, заключаны пад варту. Пра гэта ў эфіры «Альфа Радыё» паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Паводле яе слоў, расследаванне рэзананснай крымінальнай справы працягваецца.
— Цяпер ужо ёсць некаторыя вынікі і высновы. Інфармацыя пра тое, што злачынства нібыта было здзейснена праз электронную цыгарэту, не адпавядае рэчаіснасці. З улікам таго, што падлетак дапытаны і праведзена праверка паказанняў на месцы злачынства, можна казаць аб цэлым комплексе прычын. Канфлікт развіваўся, быў досыць доўгім. І сказаць, што падставай паслужыла менавіта электронная цыгарэта, будзе няслушным, — сказала афіцыйны прадстаўнік ведамства.
Юлія Ганчарова таксама паведаміла, што сёння пракурор задаволіў хадайніцтва следчых аб прымяненні ў дачыненні да непаўналетняга меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Акрамя таго, афіцыйны прадстаўнік СК удакладніла, што падчас праверкі паказанняў на месцы злачынства падлетак паказаў, як ажыццяўляў забойства сваякоў.
Цяпер следчыя праводзяць допыты сведкаў: педагогаў, сяброў і знаёмых падазраванага. Прызначаны шэраг экспертыз: судова-медыцынская, крыміналістычная і комплексная псіхолага-псіхіятрычная.
— Цяпер асноўная працоўная версія, што двайное забойства здзейсніў менавіта падлетак. Але пакуль ён падазраваная асоба, а не абвінавачаная, — падагульніла Юлія Ганчарова.





