У перапынку паміж заняткамі двое 17-гадовых хлопцаў жорстка здзекаваліся з 16-гадовага аднакурсніка.
Пачалося ўсё з абразаў. Потым крыўдзіцелі схапілі юнака і пацягнулі яго да акна. Трымаючы ахвяру галавой уніз з вонкавага боку падваконня, зламыснікі пагражалі скінуць яго з другога паверха. Крыкі аб дапамозе прыцягнулі ўвагу іншых сакурснікаў, якія спынілі здзек.
Пра інцыдэнт паведамілі ў міліцыю. Распачата крымінальная справа па ч.2 арт.339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб).
Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 6 гадоў.
«Абодва падазраваныя стаяць на ўліку і неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Найбольш распаўсюджаныя правапарушэнні ў іх біяграфіі — дробнае хуліганства і распіванне спіртнога ў грамадскім месцы, — распавёў старшы ўчастковы інспектар ІСН Маладзечанскага РАУС Аляксандр Пушкарэвіч. — На гэты раз свае дзеянні падлеткі патлумачылі жаданнем пажартаваць «.
Акрамя таго, адзін з фігурантаў справы абвінавачваецца ў крадзяжы ровара, які ён здзейсніў каля месяца таму. На час следства яму абралі меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Аднак цяпер могуць заключыць пад варту.





