Тое, што суседзі перасоўваюць па начах мэблю, кідаюць на падлогу гіры, уключаюць перфаратар раніцай у нядзелю, — праблема глабальная. У Кітаі прыдумалі тэхнічны спосаб помсты суседзям — даўбілку «Немезіда».
Прыбор набірае папулярнасць, яго капіююць: калі першыя даўбілкі каштавалі больш за 90 юаняў, то цяпер іх можна набыць у галоўнай кітайскай інтэрнэт-краме «Таабао» і за 42…82 юаня — гэта ўсяго 12…24 беларускія рублі.
Гэта штука мацуецца да сцяны або столі і манатонна дзяўбе. У любы час. Нават калі вас няма дома — яе можна кантраляваць з тэлефона, а яшчэ апарат забяспечаны таймерам.
Вось некаторыя водгукі кітайцаў — уладальнікаў даўбілкі.
«Яны мяне выбесілі канчаткова: зладзілі скандал пасля апоўначы! Ну куды такое цярпець? Купіў!… Скандалы спыніліся. Думаю, гэтыя людзі сталі больш добрымі адзін да аднаго!»
«Купіў даўбілку, але чаму максімальны час дзяўблення — 12 гадзін? Хачу дзяўбці 24 на 7!»
«Купіў. Уключыў. Не ведаю, ці будзе плён і што яны там зверху цяпер чуюць, але мне на душы ўжо стала добра!»
«Купіў, саромеюся ўключаць. Са мной нешта не так?»
У Мінску даўбілкі, да радасці шумных суседзяў, не прадаюцца.





