У Францыі прыняты закон, які забараняе выкарыстанне для модных паказаў і рэкламных здымак празмерна худых мадэлек.

Мера прадыктавана клопатам пра здароўе як саміх мадэлек, так і астатніх грамадзян, перш за ўсё маладых жанчын, заявіла ў пятніцу міністр аховы здароўя Марысоль Турэн.

Паводле яе слоў, ненатуральныя і нерэалістычныя стандарты прыгажосці развіваюць у многіх з іх комплекс непаўнавартасці, што, у сваю чаргу, вядзе да хранічнага недаядання.

Згодна з новымі правіламі, пры ўладкаванні на працу мадэль павінна будзе прадаставіць даведку ад доктара аб стане здароўя, у тым ліку пра тое, што яе індэкс масы цела (суадносіны вагі і росту) знаходзіцца ў межах нормы.

За невыкананне закона працадаўцам пагражае штраф да 75 тысяч еўра або зняволенне на тэрмін да шасці месяцаў.

Новыя правілы ўступяць у сілу 1 кастрычніка.

У 2015 годзе, калі адпаведная заканадаўчая ініцыятыва была ўнесеная ў парламент, прапаноўвалася прапісаць індэкс масы цела мадэляў у нарматыўным акце, але пасля пярэчанняў мадэльных агенцтваў патрабаванні змякчылі, даўшы ўрачам права самастойна вырашаць, што небяспечна для здароўя, і што не.

Фатаграфіі мадэлек, змененыя пры дапамозе фоташопу, павінны будуць несці маркіроўку: «здымак адрэтушаваны».

Падобныя нормы ў апошнія гады былі прынятыя ў Італіі, Іспаніі і Ізраілі.

Паводле звестак медыкаў, звыш 30 тысяч французаў пакутуюць на анарэксію, каля 90% з іх - маладыя жанчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?