Па нарматывах, беспрацоўны, які знаходзіцца на ўліку ў гарадзкім цэнтры занятасці насельніцтва, абавязаны хоць адзін дзень у месяц адпрацаваць на грамадскіх працах. Але некаторыя ў пошуках заробку афармляюць дамовы падраду на даўжэйшы тэрмін і лічацца падсобнымі рабочымі.

Брыгада, з якой мы пазнаёміліся, ад 2 мая працуе на палях ААТ «Ліпаўцы» у Віцебскім раёне. У асноўным у ёй людзі сярэдняга веку. Мужчын больш, чым жанчын.

Збор — у 7.45 каля будынку цэнтра занятасці на вуліцы Хмяльніцкага ў Віцебску. Да 8 гадзін прыходзіць аўтобус, які дастаўляе людзей на поле.

Працоўны дзень - ад 8 да 16 гадзін, гадзіну - на абед. Заробак, які абяцае гаспадарка-наймальнік, - 250 рублёў на месяц.

- Або 1 рубель 57 капеек у гадзіну, - удакладняе адзін з мужчын. - Кожны атрымае за столькі дзён, колькі адпрацуе на працягу месяца. Але атрымаем мы зарплату за май толькі ў канцы чэрвеня - як нам сказалі, пасля 25-га чысла. А цяпер - як хочаш, так і жыві.

- Так, гэта самая галоўная праблема - месяц чакаць зарплату, - падтрымлівае яшчэ адзін мужчына. - А на курыва трэба ўжо сёння. Ды і харчавацца за нешта трэба …

Каля 8.00 галоўны спецыяліст аддзела грамадскіх работ і часовай занятасці моладзі гарадскога цэнтра занятасці насельніцтва Наталля Хадасевіч вядзе пераклічку:

- Афанасьеў?

- Я.

- Гаўрылаў?

- Ёсць.

- Зубоўскі?

- Тут.

Адным з апошніх падыходзіць мужчына, называе сваё прозвішча.

- Я вас шукала, - звяртаецца да яго Наталля Хадасевіч. - Вы не з'яўляліся два дні. І не патэлефанавалі, чаму не прыходзіце. Цяпер будзеце ездзіць?

Мужчына запэўнівае, што так. Яго прозвішча зноў уносяць у спіс.

Усяго сёння паедуць на поле 24 чалавекі. У аўтобусе ладзяць яшчэ адну пераклічку - гэта ўжо заяўкі на тое, хто плануе працаваць у панядзелак. На пытанні Наталлі Пятроўны практычна ўсе адказваюць згодай.

- Усе гатовыя, як піянеры, можна і не пытацца, - жартуе нехта.

Не ўпэўнены толькі адзін мужчына:

- Пятроўна, а калі я яшчэ не ведаю дакладна, ці паеду?

- Нічога, я вас ўключу. А ў панядзелак будзе відаць.

- Напішыце, што Наталля Пятроўна - малайчына, з разуменнем ставіцца да нас, сіротаў, - кажа мне мужчына, з якім мы сядзім побач у аўтобусе. Знаёмімся.

- Мяне завуць … Але ў сваім артыкуле не называйце маё імя. Мне слава не патрэбна, мяне нават няма ва «Укантакце». Лічу, што гэта абсалютна пусты занятак. Што я хачу асабліва адзначыць: з усіх прадпрыемстваў у горадзе, дзе я ўладкоўваўся на працу, без узроставай дыскрымінацыі да людзей ставяцца толькі на чыгунцы. Там на медкамісіі цябе правяраюць высокакваліфікаваныя спецыялісты і пры гэтым не пытаюцца, колькі табе гадоў. Калі ты маеш добрае здароўе і патрэбную кваліфікацыю, то бяруць. Медкамісія, вядома, там строгая - ледзь не адбор касманаўтаў! Аднак у свае 52 гады я яе прайшоў, - ганарыцца суразмоўца.

- Так, а чаму не працавалі тады на чыгунцы?

- Я туды ўладкаваўся аператарам кацельні. Адпрацаваў ацяпляльны сезон. А потым давялося шукаць яшчэ нешта. Паспрабаваў зачапіцца ў розных месцах, не выйшла. Вырашыў хадзіць на грамадскія працы, тут хоць нешта заплацяць. Лепш жа, чым наогул нічога.

Да сельгаспрадпрыемства «Ліпаўцы» ад Віцебска - 20 км, і праз паўгадзіны мы ўжо на полі. На ім раней пасеялі кукурузу. Але на паверхні зямлі шмат камянёў, і задача беспрацоўных - прыбраць іх, каб яны ў будучыні не перашкаджалі пасевам і не псавалі сельгастэхніку.

Перад пачаткам працы на поле прыехаў кіраўнік аддзялення «Шапечына» ААТ «Ліпаўцы» Віталь Драбцоў. Даў неабходныя распараджэнні трактарыстам, але з журналістам пагаварыць не змог:

- Прабачце, вельмі шмат працы, у сельскай гаспадарцы цяпер гарачая пара. Прэтэнзій да таго, як рабочыя збіраюць камяні, няма. Працуюць людзі добра. І аб'ём працы ў іх яшчэ вялікі - вы ж бачыце, колькі камянёў.

У 9.15 выходзім у поле.

На некаторай адлегласці адзін ад аднаго павольна едуць два трактары. Следам ідуць людзі, збіраюць пад нагамі камяні і кідаюць іх у прычэп.

- Падымай камень, які недзе з кулак. Дробязь не бяры. Мы збіраем камяні, а не каменьчыкі, - вучыць мяне мужчына, якога «нават няма ва «Укантакце». - Пад колы трактара не лезь. І глядзі, кідай акуратна - проста ў прычэп, каб не патрапіць ні ў каго з навакольных.

Жанчыны падымаюць тое, што па сілах. Цяжкія камяні - масай звыш 10 кг - нясуць у прычэп мужчыны. На вельмі вялікі навальваюцца адразу два-тры чалавекі. Часам сустракаюцца і валуны. Іх ужо падбірае пагрузчык «Амкадор».

Мне ў асноўным трапляюцца невялікія камяні. Яны лёгкія, і кідаць у прычэп іх няцяжка. Але з усіх бакоў у твар ляціць пыл, неўзабаве пясок рыпіць на зубах.

- Так, а што вы думалі, работка ў нас пыльная! Гэта вам не печыва перабіраць. Рэспіратары тут не выдаюць, - заўважае мой новы гаваркі знаёмы. - Але нічога, кружок з намі па полі пройдзеш і станеш, як і мы, спецыялістам шырокіх палёў вузкага профілю.

Прычэп тым часам даволі хутка напаўняецца камянямі.

- І адкуль яны толькі з'яўляюцца? - дзівіцца нехта. - Кожны год іх людзі збіраюць і на сваіх участках, і на калгасных палях, а яны ўсё растуць і растуць.

- Зямля дыхае - вось камяні і выходзяць, - філасофствуе пажылы мужчына.

- А пра ледніковы перыяд вы што, не чулі? Шмат-шмат гадоў таму камяні прынёс сюды ледавік, - дзеліцца ведамі «Нават няма ва «Укантакце».

Побач ідуць блізнючкі Таня і Света. Жартуюць: «Нічога, што пыл, затое фігура прыгожая будзе, прэс з'явіцца».

Раней сёстры працавалі на тэлезаводзе.

- Працавалі там у белых халатах. Але цэх зачыніўся. Цяпер вось тут.

- Няўжо хоць каму-небудзь з вас дваіх не трапляла іншая, пастаянная праца?

- А мы заўсёды разам. Мы не можам паасобку. Света - гэта ж мой сябар, дадзены пры нараджэнні, - кажа Таня.

Марына - дасведчаная зборшчыца камянёў. На біржы працы стаіць з 2011 года. За гэты час ездзіла не толькі «на камяні», але і на іншыя сельгасработы - на праполку, «на бульбу», а ў горадзе падзарабляла на добраўпарадкаванні тэрыторый школ і садкоў.

- Працавала раней у гандлі. Сышла. Надакучыла пастаянна плаціць нястачы, вылічвалі з заробку кожны месяц. Грамадскія працы ад цэнтра занятасці, вядома, не параўнаць з пастаянным працаўладкаваннем. Але, як усе ў нас кажуць, гэта хоць нейкія грошы. Вядома, гэта цяжкая фізічная праца. Стамляюся. Дадому прыходжу, гатую, ем і кладуся. Больш ні на што сіл няма. З вакансіямі цяпер наогул вельмі цяжка стала. Але калі падвернецца нейкая праца, я пайду. Хоць бы і на паўстаўкі.

Пасля кожнага круга трактара па полі - хвілін 15 на адпачынак. Прыпякае сонейка.

- Эх, зараз бы сюды шампуры ды шашлычкоў падсмажыць, - марыць нехта.

Але большасць мужчын не адпускае суровая рэальнасць. Яны кураць і дзеляцца праблемамі.

- Я будаўнік, - распавядае Юры. - Шмат куды спрабаваў уладкавацца. Але была магчымасць працаваць толькі па дамове падраду ў прыватных структурах, а там свае складанасці, я не хачу. Стаю на ўліку на біржы працы ўжо паўгода. Мне спадабаўся кірмаш вакансій, які прайшоў у адміністрацыі Чыгуначнага раёна. Там было шмат прапаноў, але і людзей таксама сабралася вельмі шмат. Хто да пачатку з'явіўся, той нешта знайшоў. А я да канца ўжо падышоў, калі засталіся вакансіі інжынераў і іншых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

Па словах Юрыя, пасля 40 гадоў знайсці пастаянную працу вельмі складана. Практычна ўсюды адна і тая ж сітуацыя: ты прайшоў медкамісію, падыходзіш па кваліфікацыі, але называеш свой век і чуеш: «Не, нам патрэбен работнік маладзейшы, 35 гадоў — гэта мяжа». Паўстае пытаньне: а іншым, старэйшым, што рабіць?! Тым больш у краіне паднялі узрост выхаду на пенсію. Дык куды дзявацца людзям ад 35 і да 63 гадоў? (З 1 студзеня 2017 года пенсійны ўзрост у Беларусі павышаецца штогод на 6 месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі 58 гадоў. - Заўвага Tut.by.)

- Яшчэ адна праблема, - падтрымлівае Юрыя іншы мужчына. - Раз у месяц нам патрэбныя адзнакі, што мы ходзім і займаемся самаўладкаваннем. Іх трэба мінімум дзве. І гэта павінны быць розныя прадпрыемствы. Але ты прыходзіш у арганізацыю, а там кажуць: «Адзначаць нічога не будзем, мы ніякіх заявак у цэнтр занятасці не давалі». Могуць нават наогул не пусціць на прахадную.

Яшчэ адзін мужчына, салідны, прадстаўнічы на выгляд, не можа знайсці працу, бо не мае «корачак»:

- У мяне ёсць і стаж, і разрады: 3-й - станочніка і 4-й - цесляра. Але мэблевая фабрыка, дзе я прапрацаваў больш за 10 гадоў, развалілася. А яшчэ кудысьці без дыплома не бяруць.

- У цэнтры занятасці ёсць магчымасць тры месяцы адвучыцца і атрымаць «корачкі». Тады вы зможаце прэтэндаваць на працу па спецыяльнасці, - тлумачыць Наталля Хадасевіч.

- Дзякуй, буду мець на ўвазе.

Перакур заканчваецца, і людзі зноў ідуць у поле.

Дарэчы, зборшчыкі камянёў даволі часта знаходзяць на палях «адгалоскі вайны». Так, 5 мая выявілі тры снарады. Фрагмент боепрыпасу знайшлі і ў суботу, калі мы рабілі гэты рэпартаж.

- Калі натыкаемся на такія знаходкі, то адразу ж абгароджваем гэта месца, я стаўлю ў вядомасць сваё кіраўніцтва. А яно ўжо выклікае сапёраў, - тлумачыць інжынер па ахове працы ААТ «Ліпаўцы» Вольга Нямыцкая.

Дзяўчына - малады спецыяліст у гэтай гаспадарцы, кожны раз суправаджае працу зборшчыкаў камянёў. Аб сваіх падапечных адзываецца добра.

- Я думала, што гэта будзе нейкі складаны кантынгент. Што за імі трэба будзе хадзіць, угаворваць працаваць. Не, усё дарослыя нармальныя людзі. Правяла з імі інструктаж: каб не садзіліся на барты, не кідаліся пад колы транспарту і гэтак далей. Яны ўсё гэта выконваюць.

- Так, пакуль праблем з імі няма, - пацвярджае Наталля Хадасевіч. - Можа, пасля зарплаты з'явяцца: хто выйдзе на працу, а хто і не выйдзе, а калі і выйдзе, то нецвярозым. Але мы ў такіх выпадках доўга не разбіраемся - адразу ж выкрэсліваем са спісу. А наогул з такімі беспрацоўнымі нават прасцей, чым з тымі, у каго па 2-3 вышэйшыя адукацыі. Ім цяжка дагадзіць.

На развітанне пытаюся ў мужчын:

- А як вы ставіцеся да таго, што прэзідэнт распарадзіўся на 1 мая працаўладкаваць усіх беспрацоўных у краіне?

З усіх бакоў чуецца смех.

- Якое сёння чысло? 6 мая. Усе працаўладкаваны?! Сістэма, як была, так і засталася: на прадпрыемствах калі не было вакансій, то яны і не з'явіліся. Нічога не змянілася.

Даведка Tut.by

У студзені-сакавіку 2017 года ў грамадскіх работах узялі ўдзел 1670 віцебскіх беспрацоўных.

Паводле звестак на 5 мая, гарадскі цэнтр занятасці насельніцтва заключыў 11 дамоваў па аплачваных грамадскіх працах. З іх 3 дамовы - з нарыхтоўчай канторы (збор і здача другаснай сыравіны), Лужаснянскай сортавыпрабавальнай станцыяй (збор і пераборка яблыкаў), ААТ «Ліпаўцы» (збор камянёў з палёў і іншыя віды сельгасработ). Грошы работнікам будуць плаціць гэтыя наймальнікі. У сярэдзіне мая дамову на аплачваную ўборку камянёў плануюць заключыць таксама з СГФ «Вымна» ААТ «Малако».

Яшчэ 8 дамоваў заключылі з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму адміністрацый Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў Віцебску. Беспрацоўныя зоймуцца рамонтам, добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторый школ і дзіцячых садоў. У гэтым выпадку зарплату яны атрымаюць з бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Да канца года плануюць заключыць не менш за 20 такіх дамоваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?