Дарадцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа падрыхтавалі праект новай стратэгіі ў Афганістане, які прадугледжвае, у ліку іншага, значнае павелічэнне амерыканскага вайсковага кантынгенту ў гэтай краіне, піша The Washington Post.

Новая стратэгія ЗША ў Афганістане прадугледжвае, што да 8,4 тысячы амерыканскіх вайскоўцаў, якія ўжо знаходзяцца там, далучацца яшчэ як мінімум тры тысячы. Акрамя таго, ЗША разлічваюць у выпадку неабходнасці прасіць аб павелічэнні кантынгенту ў гэтай краіне іншыя краіны-сябры НАТА, якія ўдзельнічаюць у аперацыі.

Рашэнне аб прыняцці новай стратэгіі ў Афганістане, па дадзеных The Washington Post, Дональд Трамп павінен прыняць да чарговага саміту НАТА, запланаванага на 25 мая. Трамп плануе асабіста наведаць сустрэчу лідараў краін Альянсу, якая пройдзе ў Бруселі.

У ліку мер, прадугледжаных новай стратэгіяй, — пашырэнне магчымасцяў для нанясення авіяўдараў, у тым ліку з амерыканскіх беспілотнікаў. План таксама прадугледжвае, што амерыканскія вайсковыя дарадцы змогуць суправаджаць рэгулярныя афганскія войскі ў непасрэднай блізкасці ад лініі боесутыкненняў.

Аперацыя ЗША ў Афганістане была пачата пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года.

Скарачэнне амерыканскага вайсковага кантынгенту ў гэтай краіне было адным з ключавых пунктаў перадвыбарнай кампаніі Барака Абамы - папярэдніка Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША.

Удзел у вайсковай аперацыі ў Афганістане, паводле звестак The Washington Post, абыходзіцца ЗША ў 23 мільярды даляраў у год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0