9 мая Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да манумента Перамогі і выступіў з прамовай, у якой павіншаваў ветэранаў, нагадаў пра ваенныя страты і ў чарговы раз запэўніў, што Беларусь можа за сябе пастаяць.

Выступаючы з прамовай, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады вайны наша краіна страціла больш за траціну насельніцтва і палову нацыянальнага здабытку.

- Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў з памяці людзей не выкрасліць. Гэта павінны ведаць і тыя, хто сёння прадпрымае спробы перапісаць гісторыю, адняць Вялікую Перамогу ў нашага народа, - сказаў Лукашэнка. - Дапусціць гэтага мы не можам.

Лукашэнка заявіў, што «радзіма высока ацаніла ўклад беларусаў у агульную перамогу»: званне Героя Савецкага Саюза атрымалі больш за 440 нашых суайчыннікаў. Па вайне наша краіна перажыла яшчэ адну цяжкую бітву - цяпер ужо з разрухай і голадам, працягнуў кіраўнік дзяржавы.

- У кароткія тэрміны мы аднавілі заводы і фабрыкі, ўзвялі новыя, арганізавалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, пабудавалі школы, ВНУ, бібліятэкі, тэатры і музеі. Пакаленне пераможцаў стварыла магутны эканамічны і культурны патэнцыял. Гэта стала асновай далейшага развіцця нашай краіны, - сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сёння ў свеце ўзрастае напружанасць, «адраджаюцца ідэі сусветнага панавання, у розных рэгіёнах планеты шугаюць міжнародныя канфлікты».

- Чалавецтва апынулася каля небяспечнай рысы новай вялікай вайны, - заявіў Лукашэнка. - Пагрозе падвяргаецца і наша Беларусь. Каля нашых межаў назапашваюцца вайсковыя арсеналы, літаральна па суседстве, у былых савецкіх рэспубліках, размяшчаюцца вайсковыя базы, праводзяцца баявыя вучэнні і манеўры, з дапамогай нашай «пятай калоны» робяцца спробы дэстабілізаваць абстаноўку ўнутры краіны.

З-за ўсяго гэтага асаблівую значнасць набываюць «пільнасць і забеспячэнне бяспекі дзяржавы», заключыў Лукашэнка.

- З нашай зямлі ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць агрэсія. Мы даказалі ўсім, што Беларусь - мірная і прыязная краіна. Але гэта не значыць, што яна не можа за сябе пастаяць. Так, чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддамо. Так навучылі нас нашы гераічныя продкі, і мы будзем верныя іх святому запавету.

Разам з Лукашэнкам кветкі да манумента Перамогі ўсклалі ветэраны вайны, чыноўнікі, дыпламаты. Перад прысутнымі урачыстым маршам прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты вайсковай камендатуры Узброеных Сіл. Затым на плошчы Перамогі пачалося святочнае тэатралізаванае прадстаўленне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру