Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам, што пасля чэмпіянату свету па хакеі прааналізуе становішча спраў у гэтым відзе спорту, піша БелТА.

president.gov.by

«Сітуацыя ў хакеі настолькі неадэкватная, што пасля чэмпіянату свету (мы ўжо дамовіліся з трэнерамі, спартоўцамі) збярэмся і будзем думаць, што рабіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У хакеі правал, у футболе правал, у біятлоне, дзе мы заўсёды былі наверсе, — правал. Гэтага дапусціць мы не можам. Ніхто не скажа, што мы камусьці недаплацілі ці не прафінансавалі.

Напэўна, проста зажраліся ў некаторых відах спорту. Таму адрэгулюем».

«Мы разумеем, што гралі з фаварытамі, але ж і яны не супервялікія. Як можна было прапусціць з «пятака» трэцюю шайбу ад фінаў? - задаў рытарычнае пытанне Лукашэнка, каментуючы выступленне хакеістаў на ЧС. — Адсутнасць дысцыпліны, скочванне на індывідуальную гульню, якой не валодае ніводны наш хакеіст. У хакей гуляць не ўмеюць. Не, яны яшчэ ў сваёй зоне ля брамы круцяць гэтую шайбу, губляюць і атрымліваюць галы».

«А як яны з канадцамі згулялі? Гэта ўвогуле стыдобішча. Лепш было б не выходзіць. Чаго выйшлі, калі ногі падкошваюцца, бегчы не могуць, кідаць па браме не могуць», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што нават калі гуляеш з фаварытам, то трэба змагацца да канца, хоць бы за ачко. «Паглядзіце, як згулялі французы, проста малайцы: яны змялі фінаў» [выйгралі 5:1] — канстатаваў ён.

«Паглядзім, што будзе далей. Зробяць высновы, пачнуць гуляць - будзем гэта прымаць. Не - значыць, мы з гэтым мірыцца не будзем, - падкрэсліў ён. - Я чаму так востра рэагую? Не таму што спартсмен і займаюся спортам ўсё жыццё.

А таму што спорт - гэта найвялікшая ідэалогія. Калі расіяне выйгралі ў немцаў напярэдадні 9 Мая, гэта ўжо нейкія палітычныя асацыяцыі.

Расейцы духам акрыялі, а нам якія падарункі падаюць нашы дзеячы? Глядзяць мільёны людзей, перажываюць, а ў іх такое стаўленне».

***

Нагадаем, што беларусы на чэмпіянаце свету па хакеі пацярпелі тры паразы ў трох матчах, у тым ліку ад Чэхіі 1:6 і Канады 0:6. У сераду — гульня са Швейцарыяй, у пятніцу — з Францыяй. 

Таксама беларусы згуляюць са Славеніяй і Нарвегіяй.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру