Фота: BRESTSPRING.COM

Фота: BRESTSPRING.COM

Берасцейскі ветэран вайны ў Афганістане Аляксандр Сахарук разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг падчас штогадовай акцыі «Несмяротны полк», якая праводзіцца кожнага 9 траўня ў горадзе.

Паводле інфармацыі мясцовых праваабаронцаў, Аляксандр адразу ж быў затрыманы.

Аляксандр Сахарук трапіў на службу ў Афганістан у васямнаццаць гадоў, быў узнагароджаны медалём «За адвагу», цяпер з'яўляецца сябрам незалежнага Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Праваабарончае выданне «Берасцейская вясна» апублікавала новыя падрабязнасці ўчорашняй акцыі Аляксандра Сахарука. 

«Я вырашыў прайсці ў святочнай калоне пад бел-чырвона-белым сцягам. Гэта для мяне сімвал Свабоды. Пад чырвоным сцягам нас уводзілі ў Афганістан. Сказалі, што трэба ўвайсці хутка, каб амерыканцы там свае ракеты не размясцілі. Мне было 18 гадоў. Я верыў камуністычнай прапагандзе. Цяпер я інакш гляджу на жыццё. Нас заўсёды падманвалі. За што нашы продкі ваявалі? Каб мы жылі ў галечы і пры дыктатуры? Працы няма. Адна міліцыя паўсюль. Не працуюць, а грошы атрымліваюць», — распавёў праваабаронцам і журналістам ветэран-афганец у пачатку шэсця. «Паўсюль расійскія сцягі і шаўроны! Ніхто іх не затрымлівае і не кранае. Бел-чырвона-белым сцягам я хачу сказаць, што жыву ў сваёй краіне, а не ў акупаванай Расіяй. Сваю зямлю буду абараняць, незалежна ад таго, чый бот на яе ступіць!» — заявіў ветэран-афганец.

«Берасцейская вясна» падрабязна апісвае рэакцыю міліцыянтаў на нацыянальны сцяг у руках героя Афганістана:

«Неўзабаве да яго падышлі людзі ў цывільным:

— Прыбярыце сцяг!

— Я ў сваёй краіне і ўважаю, што гэты сцяг — наша нацыянальная годнасць! Гэта сцяг нашай незалежнасці, — адказаў афганец».

Фота: RACYJA.COM

Падрабязнасці затрымання героя-афганца распавёў «Радыё Рацыя» ягоны сябар і сведка падзей: які пажадаў застацца ананімным:

— Падышлі двое ў цывільным: давайце, прыбярыце сцяг. А ён адказвае: а чаму я павінен прыбраць, калі ён нацыянальны, гэта — мая гордасць? Тады падышоў трэці, і яны яго адразу ўзялі пад рукі, сцяг забралі і павялі. Там непадалёк стаяла хуткая, да яе яго і павялі, туды потым прыехала міліцэйская машына. Гляджу, яны пачалі аб чымсьці шушукацца, а потым падышлі да мяне. Маўляў, што вы тут робіце, як ваша здароўе? Я ім кажу: хлопцы, чаго вы да мяне чапляецеся?

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Аляксандр Сахарук дастаўлены ў Ленінскі РАУС Берасця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0