Беларуса затрымалі пасля таго, як украінская паліцыя не дала нацыяналістам сарваць акцыю «Бессмяротны полк» у Кіеве.

Штурм будынка АУН у Кіеве, rbc.ua

Штурм будынка АУН у Кіеве, rbc.ua

9 мая паліцыя спачатку заблакавала штаб АУН (Аб’яднанне ўкраінскіх нацыяналістаў) у Кіеве, а пасля ўзяла будынак штурмам. Нацыяналісты планавалі сарваць марш акцыі «Бессмяротны полк», прысвечанай Дню Перамогі.

У выніку паліцыя затрымала больш за два дзясяткі актывістаў АУН. Пазней усіх адпусцілі, акрамя Васіля Парфянкова — па папярэдняй інфармацыі, ён мае дачыненне да справы аб блакаванні расійскіх банкаў.

Затрыманне Парфянкова пацвердзіла прэс-сакратар АУН Вікторыя Дрэева. Па яе словах, беларусу, хутчэй за ўсё, будзе прад’яўлена абвінавачванне ў дробным хуліганстве. Таксама яна пацвердзіла, што Парфянкова не выпусцілі праз гісторыю з банкамі.

«Учора нам, па сутнасці, проста сказалі, што выпусцяць усіх затрыманых, акрамя Сябры [пазыўны Парфянкова ў батальёне АУН — НН]», — паведаміла «Нашай Ніве» Дрэева.

Цягам дня павінна вырашыцца пытанне аб меры стрымання для Парфянкова. Падрабязнасцей справы ў АУН пакуль не ведаюць.

34-гадовы Васіль Парфянкоў — беларус, экс-палітвязень, добраахвотнік, які ваяваў у батальёне ўкраінскіх нацыяналістаў. Атрымаў украінскае грамадзянства.

У лютым 2016 года Парфянкоў быў затрыманы за ўдзел у пагроме расійскіх банкаў у Кіеве.

А вясной 2017 года пачаліся блакаванні аддзяленняў расійскіх банкаў у Кіеве і іншых гарадах Украіны. Удзельнічалі ў іх і прадстаўнікі АУН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?