У мінулы аўторак мне давялося сустрэцца з навучэнцамі апошніх класаў прэстыжнай Кантоншуле ў Цюрыху. Пасля размовы пра мае кнігі і літаратуру мы перайшлі да пытанняў.

«Раскажыце, калі ласка, гісторыю вашай краіны», — папрасілі мяне з залы. Я паглядзеў на гадзіннік. Да канца занятку заставалася 20 хвілін. Вось паспрабуйце расказаць пра пакручастую мінуўшчыну Радзімы за 20 хвілін! Я задумаўся, губляючы каштоўныя секунды. Тое, што атрымалася, можа быць неблагім дапаможнікам для тых, хто спрабуе сцісла адказаць на падобнае пытанне замежнікаў. Можа, забыўся на нешта важнае, шаноўныя чытачы?

Пачынаць давялося з назвы, з тлумачэння таго, што за слаўнымі часамі краіна нашая называлася Літва. А «Беларусіяй» яе празвалі ў 1772-м, калі адсечаныя падзелам у бок Расіі землі Вялікага Княства Літоўскага вырашылі назваць «Беларускім генерал-губернатарствам». Калі ў 1918-м годзе ўзнікла першая Літоўская дзяржава, сітуацыя з назвай нашага краю канчаткова заблыталася. Бо мы лічылі сябе Літвой, Літвой нашы землі называў Міцкевіч (пра гэта — у крышачку пагардлівай да тубыльцаў манеры напісана ў эсэ Томаса Венцлавы пра Літву Міцкевіча). А тут раптам на поўначы з’яўляецца дзяржава з такой жа назвай, якая ўнаследуе частку нашай агульнай культурнай гісторыі.

Тая Літва, якой мы колісь былі, пачынаецца з супярэчлівай постаці караля Міндоўга. У 1251-м годзе, пад пагрозай лівонцаў з Поўначы, Міндоўг прыняў хрысціянства і быў каранаваны па даручэнні Папы, у 1261-м адмовіўся ад хрысціянства, так што ўсе наступныя ўладары ВКЛ былі князямі. Далей былі два стагоддзі слаўнай гісторыі, пасля — Скарынава Біблія і сам Скарына. Чалавек, які быў не прыняты на Усходзе (бо зрабіў некананічны пераклад на не царкоўнаславянскую мову) і на Захадзе (бо надрукаваў свае кніжкі кірылічнай «праваслаўнай» мовай). Скарына, які, па сведчаннях некаторых даследчыкаў (і паводле цікавых знаходак у тэкстах Лютэра), мог стаць галоўным «падрадчыкам» друкавання славутай «Лютэравай Бібліі». Скарына, які скончыў кар’еру садоўнікам у Празе, балазе кнігі (хаця б некаторыя з надрукаваных) захаваліся.

Пасля гэтага быў Статут ВКЛ — глабальны збор законаў, напісаны мовай, вельмі падобнай на беларускую. Паралельна з гэтым былі войны, рост пагрозы з Усходу і адсутнасць дапамогі з Захаду. Ад нас чакалі саступак. Вынікам стала Люблінская унія, праз якую мы паядналіся з палякамі ў Рэч Паспалітую.

Потым былі зноў жа войны, падаткі, запрыгоньванне сялян, дыскрымінацыя літоўска-беларускіх прадстаўнікоў у польскіх структурах улады, палітычны крызіс, роспач і галеча. У фінале нашу дзяржаву тройчы пілавалі пры ўдзеле аўстрыйцаў і прусакаў — і вуаля! Мы зрабіліся часткай цяпер ужо Рускай імперыі.

Сярод шляхецтва і, так бы мовіць, творчай інтэлігенцыі руская мова не адразу зрабілася папулярнай. Частка народжаных на нашай сучаснай тэрыторыі працягвалі карыстацца польскай (Міцкевіч, Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч, Баршчэўскі і шмат хто яшчэ), некаторыя стасаваліся і стваралі па-беларуску (Багушэвіч, Дунін-Марцінкевіч і інш.).

Наступны разварот у нашай дзяржаўнасці — рэвалюцыя ў Маскве, падзенне царызму і спроба стварыць першую беларускую дзяржаву ў 1918-м. Пасля гэтага быў Брэсцкі мір, Рыжскі мір, абвяшчэнне БССР, Другая сусветная, 70 гадоў савецкага жыцця. Пасля гэтага СССР распаўся, было тры гады свабоды (якія прадказальна супалі з найбольшым правалам у галечу), а затым зноў настаў СССР. Толькі ў межах адной асобна ўзятай яго часткі.

Як мы адчуваем сябе пасля ўсяго гэтага? Мы, народжаныя літвінамі, названыя «беларосамі», каб прасцей было адрозніваць нас ад «вялікоросаў» і «маларосаў»? Дазвольце мне расказаць пра гэта на прыкладзе свайго дзяцінства. Я быў жыхаром БССР, паступіў у школу, дзе на другім уроку (першым быў урок Міру) нас вучылі таму, як трэба сядзець.

Вось глядзіце: левую руку трэба выцягнуць на стале, паралельна з абрэзам парты, далонню ўніз, а правай рукой накрыць яе, спіна простая, плечы апушчаныя ўніз (я заўважыў, што шмат хто з швейцарскіх навучэнцаў сеў як я паказваў). Калі да настаўніка ўзнікае пытанне, трэба падняць правую руку ўверх так, каб яна знаходзілася пад простым вуглом да левай, пальцы складзеныя «лодачкай» (я паказаў, як гэта рабілася, і яны паўтарылі за мной). Пасля гэтага на ўроках гісторыі нам расказвалі пра Леніна і пра тое, што мая краіна ўзнікла ў 1917-м годзе. І што ніякай гісторыі да гэтага ў яе не было, толькі польскія паны, прыгнёт і эксплуатацыя на фабрыках. Нехта з маіх аднакласнікаў падымаў руку лодачкай і пытаўся пра Грунвальдскую бітву, але гэта звычайна нецікава заканчвалася.

І вось раптам у 6-м класе (па тэлебачанні ў гэты час ва ўсю гамоняць пра Перабудову) роўна тыя ж настаўнікі, якія запэўнівалі нас у новаўтворанасці Беларусі, раптам пераходзяць на беларускую мову і пачынаюць дапаўняць змест савецкіх падручнікаў дужа цікавымі падрабязнасцямі з сівых гадоў, у глыбіні якіх мы дагэтуль не заглядалі.

З’яўляюцца імёны, якія раней былі табуяваныя: Ягайла, Альгерд, Жыгімонт. У нашым уяўленні з’явілася па-сервантэсаўску прыбабахнутая старажытная дзяржава, з рыцарамі, князямі, як у «Айвенга». А яшчэ праз год нам прысыпаюць гэта вычытанымі з «Огонька» падрабязнасцямі нашай савецкай гісторыі за сталінскім часам. Вакол гавораць пра «Курапаты», «плюралізм», «галоснасць» і «незалежнасць». У крамах прадаюцца блакітныя куры, па якія стаяць чэргі. Куры тыя паходзяць не інакш як ад вепрукоў, бо перад запяканнем іх трэба смаліць над газавай гарэлкай. Мой бацька ездзіць на аўто пад назвай «Зэпар» чырвонага колеру. Бензін у яго ён залівае вёдрамі. «Зэпар» пахне палівам, слаба цягне і ўвесь час ломіцца. Але «Зэпар» — вялікая ўдача, бо машыну ў СССР набыць можна толькі па чарзе. Нават калі ў цябе былі грошы, ты мусіў дачакацца свайго часу (гэта швейцарскім навучэнцам асабліва незразумела).

Потым Саюз распаўся, усе зрабіліся гандлярамі. Варшава-Хмяльніцкі, «круціліся», глядзелі тэлек, па якім раптам пачалі казаць роўна тыя рэчы, за якія раней саджалі. Потым адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары. І народ выбраў СССР. І потым, калі нехта перадумаў, круціць назад было запозна.

І чым далей, тым меней застаецца прасторы для таго, пра што мне расказвалі ў старэйшых класах школы, і ўсё больш рэчаіснасць нагадвае падручнік з маіх малодшых класаў. Але мы, вучні тых школ часоў перабудовы, выдатна памятаем і ВКЛ, і Уладзіслава Галубка, і Лаўрэнція Цанаву.

І чамусьці мне падаецца, што зноўку забыцца на аднойчы прыпомненую гісторыю нам не ўдасца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?