Наталі Рашэ.
Тэлевядучая Наталі Рашэ распавяла сваім падпісантам у інстаграме дзіўную гісторыю, якая здарылася з ёй некалькі дзён таму каля Астрашыцкага гарадка. Інспектар ДАІ нібыта аштрафаваў яе замест таго, каб дапамагчы.
«Наша Ніва» датэлефанавалася да Наталлі, каб высветліць падрабязнасці:
«Мы ехалі адведаць хворага чалавека. Я няправільна зразумела адрас і заехала не з таго боку. Мы шукалі правільную дарогу, і тым часам майму дзіцяці стала блага ў машыне. Я памятала, што побач там заўсёды стаіць ДАІ і мы паехалі да іх. (Каля Астрашыцкага гарадка пастаянна дзяжураць патрулі, бо побач знаходзяцца рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі і школа, дзе вучыцца яго сын Мікалай — Рэд.). Я мэтанакіравана пад’ехала да іх і, адчуваючы стрэс, не асабліва задумвалася, дзе мне трэба паркавацца. Не паспела заглушыць машыну, як да мяне выбег супрацоўнік ДАІ. Я сказала яму, што звяртаюся да яго па дапамогу.
А ён папрасіў мяне прайсці ў машыну: маўляў, я парушыла правілы дарожнага руху. Я знаходзілася ў лёгкім стане афекту, бо хвалявалася за дзіця. Таму я прасіла, каб інспектар як мага хутчэй аформіў мяне. Канечне, дзесьці я павышала тон, але толькі праз тое, што хацела хутчэй паехаць у найбліжэйшы медпункт.
Складанне пратаколу заняло каля 20-30 хвілін і ў выніку я атрымала дзве базавыя велічыні за паўторнае парушэнне разметкі.
На маю думку, ён як мінімум павінен быў выклікаць хуткую дапамогу, пры магчымасці суправадзіць у бальніцу! Я сядзела і плакала ў машыне, а пасля таго, як ён нас адпусціў, у маёй дачкі пачалася істэрыка, бо яна расхвалявалася за мяне.
Пасля мы ад'ехалі трохі, і праз нейкі час дачцэ стала лепей. Я не маю права пра гэта маўчаць, таму збіраюся правучыць яго. І справа не ў штрафе, мне не трэба, каб вярталі грошы, мне павінны былі проста аказаць дапамогу. Мне было вельмі непрыемна, што перад мною сядзіць мужчына з заручальным пярсцёнкам, які так абыякава ставіцца да жанчыны, якая просіць у яго дапамогі. Ён стаіць на варце, я хачу, каб ён усведамляў, што кепска зрабіў! Атрымліваецца, што баяцца трэба не злачынцаў, а такія органы ўлады. Мне раяць не звязвацца з сістэмай, але я давяду гэтую справу да канца».





