Днямі ў Вашынгтоне адбылася адметная для беларуска-амерыканскіх адносін падзея: намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка ўзяў удзел у дыскусіі «Між Усходам і Захадам: Беларусь на скрыжаванні». Яе арганізаваў у Вашынгтоне аналітычны цэнтр The Atlantic Council.

Краўчанка, апроч іншага, адзначыўся там фразай «Не думаю, што расійскія войскі застануцца ў Беларусі [пасля вучэнняў «Захад-2017]». 

На гэтай дыскусіі таксама прысутнічаў экс-супрацоўнік беларускага МЗС Валерый Кавалеўскі. Ён сышоў са службы ў 2006, а пасля выбараў 2010 пабываў у СІЗА КДБ. 

Кавалеўскі з жонкай і сынам у ЗША.

Кавалеўскі падзяліўся з «Нашай Нівай» сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Краўчанкам. 

«Ён [Краўчанка] вельмі асцярожна трымаўся, сенсацыйных заяваў не рабіў. Два моманты звярнулі ўвагу, найперш пытанне з расійскімі войскамі. Калі ён адказваў, ён сказаў: «Не, мы так не думаем». І можна па-рознаму інтэрпрэтаваць: альбо ён не ўпэўнены, альбо гэта проста пытанне стылю. Ён жа мог сказаць «Не, гэтага не будзе» замест «Не, мы так не думаем». Краўчанка пакінуў месца для інтэрпрэтацый, што цяпер і адбываецца. Ну і, канечне, ніхто — і ён таксама — не ведае дакладна, застануцца яны ці не. А можа, гэта прывядзе да іншых формаў прысутнасці Расіі ў Беларусі? Можа, яны дамогуцца той жа самай авіябазы ці іншых вайсковых аб'ектаў? І таксама Краўчанка адзначыў праблематыку правоў чалавека, сказаўшы, што падзеі на мінскіх вуліцах застаюцца фактарам, які ўплывае на адносіны, але, маўляў, у яго няма прычын не давяраць праваахоўным органам», — сказаў нам Кавалеўскі. 

«Намеснік міністра таксама адзначыў, што пакуль не абмяркоўваецца пытанне вяртання паслоў. Я яму задаваў гэтае пытанне, бо Мінск некалі ініцыяваў гэты развод, так бы мовіць. Паміж нашымі краінамі няма вайны, але налета будзе 10 гадоў, як у сталіцах няма амбасадараў. Гэта вельмі кепска адбіваецца на дынаміцы двухбаковых адносінаў. Ці ёсць дыялог? Выглядае, што дыялогу няма. Беларускі бок не гатовы, хаця амерыканцы запрашалі абмеркаваць гэтае пытанне і прыйсці да разумення. Чаму гэта адбываецца? Краўчанка ўзгадаў, што гэтае рашэнне прымалася ў 2008 годзе як адказ на санкцыі з боку ЗША. І сапраўды, так і развіваліся гэтыя падзеі. У выніку, з 35 амерыканскіх дыпламатаў у Мінску засталося толькі пяцёра. Каб адлюстроўваць колькасць дыпламатаў у Вашынгтоне — такі парытэт. У выніку амерыканская амбасада была проста абяззброеная. Нават 35 дыпламатаў — гэта невялікая колькасць. У Кіеве сядзяць 400 дыпламатаў, каб вы разумелі. Украіна больш вялікая, канечне, але 35 дыпламатаў — гэта недастатковая колькасць, каб ЗША маглі вывучаць сітуацыю ў Беларусі. У выніку што адбываецца на сёння? Вельмі мала людзей у ЗША цяпер разумеюць сітуацыю ў Беларусі, ведаюць дэталі і маюць знаёмствы. У Вашынгтоне фактычна няма экспертаў па Беларусі з «дзяржаўнікаў», з тых людзей, якія працуюць у органах кіравання. І мы бачым па сітуацыі ва Украіне — калі пачаўся канфлікт, то вельмі шмат людзей, якія там некалі працавалі і захоўвалі нейкія кантакты, пераўтварыліся ў групу падтрымкі і дагэтуль адыгрываюць значную канструктыўную ролю, каб падымаць увагу да сітуацыі ў краіне.

У Беларусі такой групы падтрымкі няма, таму што няма ратацыі, няма ў нас групы падтрымкі, няма дыпламатаў. Гэта кепска адбіваецца на інтарэсах Беларусі ў саміх Злучаных Штатах. 

Стратэгічна гэта вельмі шкодзіць інтарэсам Беларусі. А каму ад гэтага добра? Крамлю добра. Тады расейцы былі вельмі задаволеныя такім паваротам, што Беларусь абмежавала сябе ў кантактах з ЗША, зрабіла шырокі крок да самаізаляцыі, і сёння, калі ставіць пытанне пра вяртанне амбасадараў, гэта выклікае незадаволеную рэакцыю ў Маскве, маўляў, а што гэта адбываецца, вы робіцеся сябрамі са Злучанымі Штатамі? Хаця насамрэч гэта абсалютна нармальны ўзровень дыпламатычных кантактаў. Беларускія ўлады самі сябе загналі ў такое становішча, з якога цяжка выйсці», — Кавалеўскі даў ацэнку палітычнай сітуацыі і словам Краўчанкі. 

Алег Краўчанка. Фота mfa.gov.by.

Таксама былы дыпламат канстатаваў, што ніякіх новых падыходаў і пазіцый у адносінах з амерыканцамі Беларусь не выпрацавала. 

«Мы выстаўляем сябе такім донарам рэгіянальнай бяспекі, падкрэсліваем, што Беларусь заўсёды вельмі канструктыўна супрацоўнічае з ЗША ў пытаннях бяспекі. На сустрэчы гучалі заклікі, што трэба з разуменнем ставіцца да сітуацыі ў Беларусі, што трэба пачакаць, што не варта спадзявацца на хуткія захады па змяненні сітуацыі ў Беларусі. Ну і, канечне, заклікі да паляпшэння гандлёва-эканамічных сувязяў. Бо беларускаму боку бачыцца толькі эканамічнае, а не палітычнае супрацоўніцтва з ЗША. І пазіцыя амерыканцаў — што яны апошнія гады моцна не крытыкуюць Беларусь па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, вельмі нас задавальняе», — сказаў Кавалеўскі. 

Ён таксама падкрэсліў, што прысутнасць Краўчанкі ў Вашынгтоне азначае вельмі шмат у развіцці двухбаковых зносін. 

«Я не памятаю такіх мерапрыемстваў у Вашынгтоне з удзелам кіраўніцтва МЗС за ўвесь час, пакуль я займаюся беларуска-амерыканскімі адносінамі, а гэта з 1998 года. І не памятаю, каб намеснік міністра прыязджаў і выступаў тут публічна. Гаворка пра тое, што гэта хоць і не афіцыйнае мерапрыемства, але публічнае, дзе прысутнічае прэса, госці. І тое, што прыехаў прадстаўнік МЗС і публічна выступіў перад экспертамі і медыя… — можна сказаць, што гэта прарыў. Тое, што сказаў Краўчанка, гэта ўжо няблага, і вельмі важна, што кіраўніцтва МЗС прыехала ў Вашынгтон і публічна выступіла. 

Бо для беларускіх дыпламатаў гэта вельмі складана, яны пазбягаюць гэтых магчымасцяў — можа, баяцца адказнасці, можа, проста недастатковы ўзровень падрыхтоўкі для публічных выступаў. Карацей, гэта добры знак», — мяркуе былы дыпламат. 

Напрыканцы гутаркі Валер адзначыў цікавы момант: у падводцы да сустрэчы казалася, што Беларусь знаходзіцца ў вялікай залежнасці ад Расіі па многіх пытаннях і толькі павялічвае гэты спіс залежнасцяў, рызыкуючы цалкам патрапіць пад расійскі дыктат у эканамічнай і вайсковай сферы. 

Калі ў Краўчанкі спыталіся, ці згодны ён з такой трактоўкай, і што трэба зрабіць Захаду, каб выправіць гэтую сітуацыю, намеснік міністра адказаў, што ставіць пытанне «Захад ці Усход» нельга. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру