Жыхар вёскі Малеч Брэсцкай вобласці Віталь Шылінец пасля жорсткіх затрыманняў людзей на Дзень Волі выказаў сваё абурэнне, абліўшы фарбай помнік Леніну. Пасля такі ж самы флэшмоб пракаціўся па ўсёй Беларусі, пік іх прыйшоўся на дзень нараджэння Ільіча: Ленінаў «упрыгожвалі» у Браславе, Магілёве, Брэсце, але толькі ў Малечы «мастака» знайшлі. Ён проста папаў на вочы ўчастковаму, не памыўшы рук ад фарбы. 

Што кіравала мужчынам, калі ён рашыўся на гэты ўчынак, і ці змянілася цяпер стаўленне аднавяскоўцаў, мы высвятлялі на месцы.

Віталь Шылінец

У Малечы, што ў Бярозаўскім раёне, не сціхае святкаванне майскіх святаў. За перамогу выпіваюць перад крамай і за ёй. Кажуць, што ў вёсках любы сакрэт — не сакрэт, а мясцовыя навіны разлятаюцца з хуткасцю ветру. Аднак вось вам доказ зваротнага: мужыкі, што змешваюць гарэлку і белаколу, нават і не чулі, што з Ленінам было нешта не так. Але абяцаюць «пабіць твар» таму, хто гэта зрабіў, калі высвятляць.

Мясцовы каларыт

Малеч — слаўная вёска. Менавіта гэты населены пункт стаў адзіным у гісторыі Бярозаўшчыны, што атрымаў магдэбургскае права, землі зведалі не адзін сялянскі бунт. У савецкія часы вёску забудоўвалі з размахам: утульныя паркі, свой дом культуры, сельсавет. Цяпер усе калісьці раскошныя будынкі выглядаюць паныла і абшарпана. Мясцовыя спадзяюцца, што сітуацыю неяк выправяць раённыя дажынкі, што запланавалі на гэты год. Аднак былых прадпрыемстваў па вырабу піва ці чыпсаў сельскагаспадарчае свята не верне.

Мы сустракаемся з Віталём акурат каля месца «Х»: Леніна хоць і адмылі, але фарба трапілася якасная, таму асобныя плямы на мануменце засталіся (выглядае, быццам правадыр рэвалюцыі хварэе на краснуху).

«Чырвоную фарбу я не знайшоў, пад рукі трапілася — колеру жалезнага сурыку яшчэ часоў БССР. Пасля таго, як абліў помнік, пайшоў глядзець футбол у бар «Славянка», заадно рукі там памыць. І ўявіце сабе, адразу сутыкнуўся там з участковым, якога да гэтага часу не бачыў у твар гадоў сем. Проста магія! Спачатку я спрабаваў аднеквацца, казаць, што перапэцкаўся фарбай у прыбіральні, але ўжо было бессэнсоўна», — згадвае падрабязнасці таго дня Віталь.

У судзе ён настойваў, што да Леніна ў яго асабістая непрыязнасць, што гэта — злачынца і забойца, таму помнікі, прысвечаныя гэтай асобе — абсурд і гэтак далей. Але на думку Віталя, у судзе працуе шмат ленінцаў, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што спачатку яго патрабавалі пакараць нават больш жорстка: двума гадамі папраўчых работ з адлічэннем 25% з заробку.

Грамадская пазіцыя Віталя сфармавалася яшчэ ў школе, пасля 25 сакавіка стрымліваць сябе ён ужо не мог. Па адукацыі Шылінец — гісторык-рэлігіязнаўца, які пасля сканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна адпрацаваў два гады ў беларускамоўнай вясковай школе. Зараз мужчына ездзіць па заробак у Пружанскі раён на прадпрыемства «Эка-бітум». Грошай атрымлівае няшмат — усяго 200 рублёў на месяц, таму асабліва не хвалюецца з нагоды гадавога адлічэння 15% з гэтай сумы.

«Планую кінуць паліць, якраз такая сума звычайна сыходзіць на цыгарэты», — шукае выйсце Шылінец.

Не так пазітыўна на сітуацыю глядзяць жонка Віталя і яго маці. Першая працуе мастацкім кіраўніком Малечскага дома культуры, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку з другой дачкой. «Маці і жонка, канечне, перажываюць за мяне, просяць супакоіцца. А вось бацька — наадварот, падтрымаў. Ён у мяне чалавек з дэмакратычнымі поглядамі, пастаянна выпісвае апазіцыйную прэсу». Нягледзячы на прысуд, Віталь ад сваіх поглядаў адмаўляцца не збіраецца: «Мне не 16 гадоў, каб мяне чымсьці напалохаць».

Сярод негатыўных каментарыяў у бок аднавяскоўца чулася і нямала ўхвалення: «Народ тут недурны, у Малечы нават некаторы час існавала свая альтэрнатыўная газета «Крыніца», якую зачытвалі да дзірак і перадавалі з рук у рукі. Калі не я, то аднойчы нашага Леніна пафарбуе нехта іншы. Бо калі нельга выказваць сваю грамадскую пазіцыю адкрыта, партызаншчына — гэта адзіны варыянт. Падпольная дзейнасць у беларусаў у крыві».

Спачатку Віталь хацеў абскарджваць вынесены яму прысуд, але цяпер думае, што ў гэтым няма сэнсу. У тым, што прысуд абсурдны, ён, натуральна, перакананы дагэтуль.

«Мяне даўно падбіваюць з'ехаць адсюль, я мог бы атрымаць карту паляка тую ж, але не хачу. Максімум пагаджуся выехаць на заробкі за мяжу, каб дзяцей пракарміць. Як бы то ні было, гэта мая зямля, адсюль мае продкі, і я лічу сябе ліцвінам».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру