Сёння — другі паўфінал «Еўрабачання-2017» у Кіеве. Беларускі гурт Naviband і яшчэ 17 удзельнікаў паспаборнічаюць за выхад у фінал.

Па выніках першага паўфіналу далей прайшлі Швецыя, Арменія, Партугалія, Азербайджан, Грэцыя, Аўстралія, Малдова, Кіпр, Польшча і Бельгія. Ацаніце канкурэнтаў Беларусі і напішыце ў каментарах свой топ-3 выканаўцаў.

Сербія. Tijana Bogićević — In Too Deep

Ціяна пачынала сваю кар’еру на бэк-вакале ў музыкі Улада Георгіева. Паралельна спявачка пачынала і сольную кар’еру — удзельнічала ў некалькіх тэлевізійных шоу, запісвала дуэты з іншымі выканаўцамі. У Сербіі пільна сочаць за «Еўрабачаннем», таму Ціяна разлічвае на перамогу. У песні спявачка распавядае пра падзенне ў бездань пачуццяў.

Аўстрыя. Nathan Trent — Running On Air

Поп і R'n'b-спявак Натан пачынаючы з трох год браў урокі па скрыпцы і фартэпіяна. Паралельна з гэтым ён выступаў у дзяржаўным тэатры. Папулярнасць ён займеў дзякуючы ўдзелу ў шоу талентаў у Германіі і Аўстрыі. Першыя свае песні Натан напісаў у 11 гадоў. Песня, з якой ён будзе выступаць, таксама часткова напісана спеваком.

Македонія. Jana Burčeska — Dance Alone

Яна ўпершыню паднялася да славы ў Македоніі ў 2011 годзе, калі з'явілася на першым і адзіным сезоне македонскага шоу «Ідал». Спявачка вельмі любіць займацца дабрачыннасцю — узяла ўдзел у больш чым 60 мерапрыемствах у падтрымку небаракаў з 2011 года, у тым жа годзе стала паслом ЮНІСЕФ. Яна перамагла ў нацыянальным адборы з 4-га разу. Пасля перамогі яна сказала: «Маё сэрца ёкнула, калі даведалася пра перамогу, і я працягваю пастаянна ўсміхацца з таго часу».

Мальта. Claudia Faniello — Breathlessly

Сама Клаўдзія ў анкеце апісала сябе так: «Унікальны голас, мільён эмоцый. Удзень я — дзяўчынка з суседняга пад'езда, а ўначы — гламурная дзіва з запалам да музыкі і жыцця». Любоў да музыкі сфарміравалася ў спявачкі дзякуючы італьянскаму паходжанню. Дзяўчына прайшла праз шматлікія конкурсы, спрабавала сябе на нацыянальным адборы яшчэ ў 2012 годзе, але ўдача прыйшла сёлета. Акрамя сваёй музычнай кар’еры, дзяўчына дапамагае дзецям з асаблівасцямі развіцця.

Румынія. Ilinca ft. Alex Florea — Yodel It!

Гэты дуэт — адзіны гурт у Румыніі, які спявае ў ёдлінг-стылі. Акрамя гэтага, гурт выкарыстоўвае рок і рэп-аранжыроўкі, каб, па іх словах, паказаць, наколькі яны любяць музыку. Ілінка спявала ў оперы, таму з лёгкасцю можа спяваць фальцэтам, а Алекс — акцёр, таму з лёгкасцю ўваходзіць у розныя вобразы ў залежнасці ад жанру. Нягледзячы на тое, што дуэт прэзентуе Румынію, адчуваюцца нейкія ірландскія матывы, вам так не падаецца?

Нідэрланды. OG3NE — Lights and Shadows

Дзявочы гурт, які складаецца з трох сясцёр: Лізы, Эмі і Шэлі. У 2007 годзе яны прэзентавалі Нідэрланды на дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне» і занялі там 11-е месца. Іх песня напісана бацькам, каб аддаць даніну маці, якая цяжка хварэла. «Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб наша краіна ганарылася намі. Мы хочам бачыць гордую ўсмешку на твары нашай маці. Гэта наш спосаб сказаць дзякуй за ўсё, што яна дала нам, і за тое, што яна значыць для нас».

Венгрыя. Joci Pápai — Origo

Венгерскі спявак, рэпер і гітарыст цыганскага паходжання. Ёці —яшчэ адзін выканаўца, які будзе выконваць песню на сваіх мовах — венгерскай і цыганскай. Публічны дэбют Папаі адбыўся ў 2005 годзе, калі ён быў удзельнікам мясцовых шоу талентаў. А яшчэ спявак на сёння мае аж 6 альбомаў. У анкеце Ёці адзначыў, што ягоная песня — рэзюмэ ўсяго ягонага жыцця.

Данія. Anja — Where I Am

21-гадовая Аня нарадзілася і вырасла ў Аўстраліі, але абое яе бацькі датчане. Яшчэ ў 2014 годзе са сваёй песняй «Where I Am» яна перамагла на аўстралійскім конкурсе. Прычым Аня прымала непасрэдны ўдзел у напісанні песні. Спевамі дзяўчына займалася з самага дзяцінства, а свае поспехі выкладвала на Ютубе.

Ірландыя. Brendan Murray — Dying to Try

Брэндан пачынаў сваю кар’еру, зарабляючы спевамі на вуліцы і мясцовых конкурсах. Ён спяваў у так званым бойз-бэндзе. У 2014 годзе сінгл гурту быў адным з самых прадаваных у краіне. Таму пра спевака ведаюць досыць шмат — іх гурт гастраляваў у Ірландыі і Вялікабрытаніі. Песня Брэндана прысвячаецца шанцам на каханне.

Сан-Марына. Valentina Monetta and Jimmie Wilson — Spirit of the Night

Валянціна вядома сваімі шматлікімі выступамі на Еўрабачанні. У 4-ы раз яна будзе выступаць у дуэце з Джымі Уілсанам. Джымі любіць музычныя пародыі, некалі ён праславіўся сваімі выступамі ў ролі Майкла Джэксана і Барака Абамы. Джымі — амерыканец. Паглядзім, што зможа паказаць нам міжнародны дуэт.

Харватыя. Jacques Houdek — My Friend

Харват Жак умее прыцягваць да сябе ўвагу, на відэадзённіках Еўрабачання ён з'яўляўся ўжо не раз. На радзіме ён адна з самых папулярных поп-зорак. Багатая дыскаграфія Жака налічвае 13 альбомаў. Жак займаецца дабрачыннасцю, дзе дапамагае асобам з абмежаванымі магчымасцямі і дзецям. Сваю песню ён будзе выконваць па-англійску і італьянску. Для спевака песня — гімн, дзе жыццё параўноўваецца з цудам, песня, якая падахвочвае нас жыць кожны дзень у поўнай меры і быць тым, кім мы павінны быць у жыцці.

Нарвегія. JOWST — Grab The Moment

Адзін з самых цікава аформленых выступаў. Гурт прайшоў вялікі шлях да вялікай сцэны — ад працы гукарэжысёрамі і настаўнікамі ў музычных школах да ўдзелу ў топавых конкурсах Нарвегіі. Падчас напісання песні хлопцы стварылі закрыты чат у фэйсбуку, дзе атрымлівалі адваротную сувязь ад фанатаў. Ці дапаможа ім гэта, каб выйсці ў фінал конкурсу? Пабачым.

Швейцарыя. Timebelle — Apollo

Швейцарскае трыа вырашылі ўразіць усіх сваёй баладай. Міруна Манэску — салістка, музыка і акцёрка з Румыніі. Эмануэль Дэніэл Эндрыску грае на фартэпіяна. Трэці ўдзельнік гурту — ударнік Сэмюэл Форстэр. Сваю песню трыа ахарактарызавала так: «Яна мае вельмі глыбокі сэнс — каб трымацца вашай мары, каб яны здзяйсняліся ў чалавека, у мастацтве, на працы і ў краіне».

Беларусь. Naviband — Гісторыя майго жыцця

Напэўна, ужо не варта прадстаўляць гурт, які будзе спяваць за нашу краіну. Naviband ужо дагрукаліся да сэрцаў беларусаў сваім «Hey-hey-hayayayayo». Упершыню на сцэне міжнароднага песеннага конкурсу прагучыць беларуская мова. Поспехаў Арцёму і Ксеніі!

Балгарыя. Kristian Kostov — Beautiful Mess

Крыстыян Костаў лічыцца фаварытам конкурсу. Ён нарадзіўся ў Маскве, ягоная маці казашка, а бацька — балгарын. Яго будуць ведаць тыя, хто сачыў за ім на шоу «Голас. Дзеці». Акрамя гэтага, спявак заняў 2-е месца ў балгарскім праекце «Х-фактар». У 2012 годзе спявак спяваў за Балгарыю на «Новай хвалі», дзе заняў сёмае месца. Як вы зразумелі, паслужны спіс у гэтага хлопца дастаткова вялікі. Пры гэтым ён самы малады выканаўца на сёлетнім Еўрабачанні.

Літва. Fusedmarc — Rain Of Revolution

Электра-гурт з Вільні. У 2005 годзе яны былі названыя прарывам літоўскай альтэрнатыўнай сцэны, а ў 2007-м прызнаныя найлепшым эксперыментальным музычным гуртам. За апошняе дзесяцігоддзе Fusedmarc былі галоўным прадстаўніком літоўскай сучаснай музыкі за мяжой. Гурт мае уласны электронны стыль, вось і назва песні, з якой Fusedmarc будзе выступаць, яна мае агрэсіўны характар.

Эстонія. Koit Toome & Laura — Verona

Койт і Лаўра ўжо выступалі на Еўрабачанні, але на дзіцячым ды паасобку. Абое выканаўцаў сталі аднымі з самых працавітых артыстаў у музычнай сцэне Эстоніі. Лаўра з'яўляецца цяперашнім кіраўніком Эстонскага джаз-саюза, у той час як Койт заваёўвае славу ў свеце музычнага тэатра. Магчыма з такім досведам дуэт зможа прыцягнуць галасы фанатаў Еўрабачання.

Ізраіль. IMRI — I Feel Alive

Закрые другі паўфінал таксама не пачатковец. Імры ўдзельнічаў у конкурсе у 2015 і 2016 гадах, але на бэк-вакале. З дзяцінства Імры ўмее спяваць на англійскай і іспанскай мовах, сярод інструментаў грае на гітары і піяніна, вывучаў акцёрскае майстэрства і нават агучваў некалькі роляў у мультсерыялах. У песні спявак распавядае пра свой шлях да поспеху, спрабуючы ніколі не здавацца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру