Аквазона цэнтра «Фрыстайл» зачынена з 8 мая па тэхнічных прычынах. Пра гэта гаворыцца ў аб'яве на сайце цэнтра. Учора наведвальнікі паведамлялі: з вышыні зваліліся калонкі, пашкодзілі горку і дзіцячую зону.

Прычыну закрыцця аквазоны ў цэнтры не называюць.

— Аквазона зачынена. Прычыны названыя ў нас на сайце: тэхнічныя. Як надоўга — невядома, — неахвотна адказваюць на пытанні па тэлефоне ў Цэнтры.

Мінчане, якія былі ў аквапарку ў выходныя, распавядаюць, што проста ў купальнай зоне абарваліся дзве 30-кілаграмовыя музычныя калонкі і пашкодзілі горкі і дзіцячую зону. Згнілі мацаванні. З наведвальнікаў ніхто не пацярпеў. Атрымаць пацвярджэнне або абвяржэнне гэтай інфармацыі ў кіраўніцтва «Фрыстайла» пакуль не ўдалося - тэлефон намесніка дырэктара, да якога накіроўваюць у прыёмнай, не адказвае другі дзень.

Спартсмены, што трэніруюцца ў цэнтры, распавядаюць, што таксама чулі пра калонкі, але аб адмене трэніровак ім пакуль ніхто не паведамляў.

Гэта ўжо не першае здарэнне ў цэнтры «Фрыстайл». Два гады таму, праз пару месяцаў пасля афіцыйнага адкрыцця, у зоне для трэніровак фрыстайлістаў сталі рассыпацца трампліны. Аказалася, што пакрыццё зроблена з парушэннямі: падкладка пад асноўным пакрыццём, якая павінна быць воданепрымальнай, аказалася воданабіральнай.

Пазней Дэпартамент па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці - Дзяржпрамнагляд - праверыў спартыўна-аздараўленчы комплекс «Фрыстайл» і выявіў 14 парушэнняў правілаў і нормаў прамысловай бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?