Жыхар Львова прызнаў віну і атрымаў адтэрміноўку пакарання. Хлопец на працягу года выкладваў у сацсетках забароненыя ў сённяшняй Украіне матэрыялы.

«З мэтай прапаганды камуністычнай ідэалогіі, на працягу мая 2015 — красавіка 2016 распаўсюджваў праз сацыяльную сетку «Facebook» фота і іншыя матэрыялы з сімволікай камуністычнага рэжыму і агульнавядомымі лозунгамі таго часу, што катэгарычна забаронена законам Украіны «Аб асуджэнні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Украіне і забарона прапаганды іх сімволікі», — паведамляе пракуратура Львоўскай вобласці.

Улічваючы, што юнак прызнаў сваю віну і садзейнічаў следству, пракуратурай заключана з ім пагадненне аб прызнанні віны. У выніку, суд вырашыў пакараць хлопца тэрмінам 2 гадоў 6 месяцаў абмежавання волі з выпрабавальным тэрмінам на 1 год.

Нагадаем, што закон, які асуджае дзейнасць камуністычнага і нацысцкага рэжымаў, а таксама ўводзіць забарону на публічнае выкарыстанне і прапаганду іх сімволікі быў прыняты Вярхоўнай Радай у красавіку 2015 года. Максімальнае пакаранне за парушэнне закона — 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?