Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваю рэзкую рэакцыю на праблемы з пастаўкамі ў Расію беларускага харчавання. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым.

«Калі вы чуеце маю рэзкую рэакцыю ў гэтым плане, гэта не таму, як некаторыя пісакі ў Маскве пішуць, што Лукашэнка занадта эмацыйны. Справа не ў эмоцыях, а ў тым, што гэта нам вельмі дорага каштавала. Калі ў нас адзіны рынак, то давайце не будзем адзін аднаму падножкі ставіць», — заявіў кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што, калі ў Расіі не патрэбны пэўныя аб'ёмы беларускай прадукцыі, пра гэта трэба проста сказаць і тады яна будзе перанакіраваная на рынкі іншых краін і рэгіёнаў. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што патрэба ў беларускім харчаванні на расійскім рынку ёсць. «Ну, тады не перашкаджайце гандляваць. А калі мы з кімсьці канкуруем, тады трэба канкураваць. Бо ў нас свабодны рынак. Не я ініцыятар гэтай рынкавай эканомікі. Гэта прыйшло з Расіі. І мы вымушаныя падладжвацца пад гэтую эканоміку», — сказаў ён.

Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь у цэлым вельмі актыўна працуе з Расіяй па пастаўках сельгаспрадукцыі і харчовых тавараў, устаноўлены прамыя сувязі з сеткамі.

«Праблемы бываюць часам. У асноўным яны штучна ствараліся. Бо калі мы з прэзідэнтам Расіі сустрэліся, так па-мужчынску дамовіліся — давайце ўсё ж такі на гэтую праблему паглядзім пад вуглом гледжання Аляксандра Сурыкава. А ён правільна кажа: калі мы хочам нешта тут пераадолець, давайце разам будзем глядзець на ўсё, што рухаецца праз мяжу. І, калі мы пачалі ў гэтым плане кантраляваць сітуацыю, яна імгненна змянілася. Яна проста знікла. Дай бог, каб назаўсёды», - адзначыў Лукашэнка. «Пакуль такой бойкі няма. Прыязджалі спецыялісты з Расіі. Ад таго ж Данкверта. Пабывалі на нашых прадпрыемствах», - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Палова беларускіх прадпрыемстваў на ўзровень вышэй за еўрапейскія

Лукашэнка таксама адзначыў вельмі высокі ўзровень беларускіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. «Вы нават калі ў Еўропе паедзеце на падобныя прадпрыемствы — палову такіх знойдзеце. Астатнія будуць значна ніжэй узроўнем. Таму да нас прэтэнзій не трэба прад'яўляць. І вы павінны разумець, чаму я ў тым ліку так востра на гэта рэагую, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі было нам вельмі цяжка, калі наогул па талонах раздавалі прадукты харчавання, мы тады па два-тры рублі адкладалі і мадэрнізавалі гэтыя прадпрыемствы. Яны нам праз пот і кроў дасталіся. І калі нас сёння папракаюць (ведаеце, па якіх прычынах), што ў нас прадукты харчавання не тыя, то гэта ўжо занадта».

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Беларусь — адзіная з усіх краін постсавецкай прасторы, якая захавала Дасты і нават іх зрабіла больш жорсткім. «Сёння ў нас з прадпрыемства, фермы, комплексу не выйдзе дрэнная прадукцыя, таму што там яе адразу правераць і адбракуюць», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?