Рада ЕС зацвердзіла заканадаўчую ініцыятыву ўвесці бязвізавы рэжым для грамадзян Украіны. Гэта апошняе палітычнае рашэнне на шляху бязвізавых падарожжаў украінцаў.

Рашэнне прынялі на сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ЕС.

Для ўвядзення бязвізавага рэжыму засталіся дзве фармальныя працэдуры: заканадаўчы акт павінен падпісаць прэзідэнт Еўрапарламента і прадстаўнік Мальты, якая цяпер старшынюе ў ЕС, а затым яго апублікуюць у афіцыйным часопісе ЕС.

Рашэнне ўступіць у сілу і «бязвіз» запрацуе на 21 дзень пасля публікацыі. Падпісанне адбудзецца 17 мая.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўжо павіншаваў украінцаў з гэтым рашэннем і заявіў, што паедзе ў Страсбург на ўрачыстае падпісанне заканадаўчых зменаў.

«17 мая ў Страсбургу — як мы дамовіліся з нашымі еўрапейскімі сябрамі, - урачыста падпішуць адпаведны заканадаўчы акт. Гэта, напэўна, будзе адзін з найважнейшых маіх візітаў за тры гады на пасадзе прэзідэнта», - напісаў Парашэнка ў Facebook.

Парашэнка будзе прысутнічаць на падпісанні ў якасці госця.

Публікацыя закона запланавана на 22 траўня, а пачатак бязвізавых паездак - на 11 чэрвеня 2017 года.

Пры гэтым у выпадку грубага і масавага парушэння правілаў бязвізавага рэжыму ЕС можа прымяніць механізм прыпынення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?