11 мая ў Мінску адкрываецца выстава часопіса «Імёны». На ёй пакажуць 10 інсталяцый, якія беларускія мастакі і фотамастакі зрабілі разам з героямі інтэрнэт-праекта. У дні выставы можна будзе ўбачыць не толькі інсталяцыі, але і паглядзець сацыяльнае кіно, узяць удзел у «Жывой бібліятэцы» і пабываць на кірмашы рамеснікаў.

Дзесяць беларускіх мастакоў у пары з героямі праектаў інтэрнэт-часопіса «Імёны» стварылі творы мастацтва: інсталяцыі, фатаграфіі, аўдыё- і відэаінсталяцыі. Праца доўжылася паўгода. Зараз творы пакажуць на выставе ў культурным цэнтры «Корпус» (Мінск, праспект Машэрава, 9, корпус 8).

У праекце ўдзельнічаюць мастакі і фотамастакі: Андрэй Лянкевіч, Аляксандр Васюковіч, Сяргей Гудзілін, Сяргей Шабохін, Марыя Святагор, Антаніна Слабодчыкава, Максім Ясінскі, Кірыл Дзямчыла, Вольга Сасноўская, група «Хутка-смачна».

«Імёны» пішуць пра беларусаў, якім патрэбна дапамога, і аб сацыяльных праектах, якім патрэбна падтрымка. Героі матэрыялаў збіраюць грошы праз краўдплатформу Тalaka.by. Крыху больш чым за год свайго існавання «Імёны» запусцілі 22 грамадска значныя, вострасацыяльныя праекты і сабралі ў іх падтрымку (уключаючы і сам праект «Імёны») — 283 тысячы рублёў.

У дні выставы запланаваны асобныя мерапрыемствы. Напрыклад, 14 мая пройдзе нядзельны кірмаш, дзе можна будзе купіць тавары ў рамеснікаў, якія так ці інакш звязаны з тэмамі, якія падымае часопіс. У праграме ёсць і спектакль, прысвечаны праблеме інклюзіі, і нават 3D праекцыя мультфільмаў «Асаблівай мультстудыі» на фасад «Корпуса» ўвечары 20 траўня. Запланавана і «Жывая бібліятэка» — праект, у якім людзі «чытаюць» гісторыі адно аднаго.

Сёння, 11 траўня, выстава будзе працаваць з 19.00 да 22.00. Падрабязнасці аб мерапрыемстве тут. У іншыя дні, да 25 траўня, выстава будзе працаваць з 12.00 да 21.00. Расклад падзей у выставачнай прасторы можна паглядзець тут.

Уваход на выставу будзе арганізаваны па сістэме ахвяраванняў (білет можа каштаваць ад трох рублёў). Уся сума ад прададзеных білетаў будзе накіравана на развіццё часопіса «Імёны».

У Мінску выстава працягнецца да 25 траўня, а потым пераедзе ў Брэст і Віцебск.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру