Карпарацыя Google аплаціла адміністрацыйны штраф у памеры 438 млн расійскіх рублёў (6,75 млн даляраў на момант заключэння міравога пагаднення), прызначаны за парушэнне антыманапольнага заканадаўства, паведаміла Федэральная антыманапольная служба Расіі, піша ВВС.

Канфлікт доўжыўся больш двух гадоў: у лютым 2015 года расійская кампанія «Яндэкс» падала скаргу на Google, абвінаваціўшы яе ў злоўжыванні дамінуючым становішчам на рынку перадусталяваных дадаткаў у аперацыйнай сістэме Android.

Восенню 2015 года ФАС прызнала патрабаванні «Яндэкса» справядлівымі і загадала Google ліквідаваць парушэнні. Google беспаспяхова спрабавала аспрэчыць рашэнне ФАС у арбітражным судзе Масквы.

У сакавіку 2016 года кіраўнік ФАС Расіі Ігар Арцем'еў заявіў, што кампанія Google вядзе сябе агрэсіўна і не спрабуе шукаць кампраміс у спрэчцы з уладамі. Восенню таго ж года ён паабяцаў штрафаваць Google кожныя два тыдні, калі кампанія будзе зацягваць выкананне прадпісання ведамства.

У красавіку 2017 года ФАС і Google заключылі міравое пагадненне, паставіўшы тым самым кропку ў судовых разглядах. Інтэрнэт-гігант абавязаўся выплаціць штраф у 438 млн расійскіх рублёў, прызначаны раней.

Акрамя таго, згодна з умовамі міравога пагаднення, Google адмовіцца ад эксклюзіўнай перадусталёўкі сваіх дадаткаў на мабільных прыладах Android і не будзе абмяжоўваць перадусталёўку дадаткаў трэціх бакоў.

Вытворцы смартфонаў змогуць заключаць на камерцыйных умовах пагадненні з Google і ўсталёўваць любыя дадаткі, у тым ліку на галоўны экран, і амерыканскі інтэрнэт-гігант не будзе ім у гэтым перашкаджаць.

Пагадненне распаўсюджваецца на прылады, прызначаныя для продажу ў Расіі. Яно будзе дзейнічаць шэсць гадоў і дзевяць месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?