1 мая «Наша Ніва» апублікавала спіс уладальнікаў катэджаў у Драздах

Нагадаем, кошт будаўніцтва катэджа ў Драздах вагаецца ад 40 да 200 тысяч даляраў, а рынкавы кошт гатовага жылля - ад 1 мільёна долараў і вышэй. І калі з бізнэсменамі ўсё зразумела, то да чыноўнікаў пытанне застаецца: «Адкуль грошы на такое будаўніцтва?».

Еўрарадыё задало гэтае пытанне непасрэдна некаторым «набліжаным». 

«Ну, па-першае, я прадала кватэру, - тлумачыць паходжанне сродкаў на будаўніцтва катэджа ў Драздах старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. - Па-другое, у мяне былі пэўныя накапленні. А па-трэцяе, я пазычыла ў сваіх вельмі заможных сябровак. Гэта прыватныя натарыусы ў горадзе Калінінградзе. Абышлося мне будаўніцтва прыблізна ў 300 тысяч умоўных адзінак».

Катэдж Лідзіі Ярмошынай

Цікава, што зусім нядаўна, у інтэрв’ю Еўрарадыё Ярмошына сцвярджала, што яе катэдж у Драздах — гэта «службовае жыллё», і скардзілася на вялікую квартплату.

— Катэдж у Драздах, дзе вы цяпер жывяце, вам не належыць?

— Гэта службовае жыллё. За якое я, дарэчы, плачу немаленькую квартплату, сама прыбіраюся, сама займаюся праннем пасцельнай бялізны…

— Немаленькая квартплата — гэта колькі?

Нягледзячы на тое, што зімой мы плацім 50% за газ, за апошні месяц я заплаціла 230 рублёў. Гэта нямала, старымі гэта 2 мільёны 300 тысяч! Зімой я скарыстоўваю прыкладна тысячу кубаметраў газу, а самае вялікае ў квартплаце — менавіта кошт газу.

— Пойдзеце на пенсію, службовае жыллё ў Драздах забяруць — дзе жыць будзеце?

Пераеду ў свой дом. У мяне ж ёсць і ўласны дом — цяпер там сын жыве, даглядае яго. Нам там хопіць месца дваім. Я туды на выходныя хаджу: прыбіраю там, летам кветкі розныя…

Мае катэдж у элітным пасёлку і былы старшыня Канстытуцыйнага суда ды Генпракурор Рыгор Васілевіч. Будаваўся ён на пачатку 2000-х, адпрацаваўшы тры гады на пасадзе старшыні КС.

«У мяне, безумоўна, і свае сродкі былі, і крэдыт — здаецца, адсоткаў пад 18 у мяне быў крэдыт… 18 ці 14% крэдыт быў, я ўжо цяпер дакладна і не памятаю. Браў яго ў камерцыйным банку. І я, у прынцыпе, пастараўся разлічыцца за будаўніцтва гэтым крэдытам», — прызнаецца Рыгор Васілевіч, але суму, у якую абышоўся катэдж, не называе.

Катэдж Рыгора Васілевіча, фота Еўрарадыё

Як і Лідзія Ярмошына, былы Генпракурор наракае на даволі дарагое жыццё ў тых элітных Драздах.

«Магу сказаць, што зімой, асабліва калі маразы моцныя, то ў мяне агулам за камуналку выходзіць рублёў пад 250 у месяц. Нічога ж там няма ўцэненага - тыя ж стаўкі, што называецца. Я чытаў, што нібыта плацяць за катэдж нейкіх там 25 рублёў. Але ж гэта толькі за ваду паказалі! А дадайце сюды ацяпленне, вываз смецця ды ўсё астатняе, і атрымліваецца так, што… - пералічвае Рыгор Васілевіч і нечакана пераходзіць на іншую тэму. - У мяне вельмі круты аўтамабіль - Рэно. Як вам - круты аўтамабіль, нармальна?»

— Мяркую, у Рэно таксама могуць быць дарагія элітныя мадэлі…

Renault «Sandero». І таму, калі каго зайздрасць бярэ, то магу пакатаць на сваім аўтамабілі. Звазіць на Філімонава ці на Каменную Горку і паказаць, якія там шыкоўныя катэджы стаяць. Вось, мяне любяць папракаць маім «асаблівым меркаваннем» (Васілевіч у якасці суддзі Канстытуцыйнага суда выказаўся на карысць зменаў Канстытуцыі, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам, і падтрымаў рэферэндум 1996 года), але я іх выказваў адкрыта. Хай гэтак жа адкрыта свае прэтэнзіі мне каментатары розныя выказваюць — напішуць імя, прозвішча і месца жыхарства, і тады паліваюць мяне брудам».

Пяць гадоў таму ўчастак у Драздах «прапанавалі» старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку. Кажа, адмовіўся б, але дачка, архітэктар па адукацыі, з’ездзіла на месца, паглядзела, прыкінула і ўгаварыла пачаць будавацца.

«А сам бы я не будаваўся б, калі у мяне дачка не была архітэктарам і не рабіла танным гэты праект. Па-другое, не было б будаўніцтва, калі б мы двума сем’ямі не склаліся. Дом, дарэчы, будуецца на дзве сям’і. Калі б мне не пазычылі грошы сябры, калі б я не ўзяў крэдыт - вядома, я б не будаваўся. А так, давялося, і будуюся. Праўда, не ведаю, колькі буду будавацца: вось, ужо пяць гадоў будуюся, і яшчэ буду будавацца. А што тут больш казаць? Тым больш, што я падкантрольны, і ўсе адпаведныя інстанцыі бачаць маю дэкларацыю аб даходах…» — кажа Давыдзька. 

Катэдж Генадзя Давыдзькі яшчэ будуецца, фота Еўрарадыё

Па словах Давыдзькі, прыблізны кошт будоўлі дачка склала, але называць гэтую суму кіраўнік БТ не захацеў. Толькі сказаў, што нават не ўяўляе, як выглядае мільён долараў. «Можа, хто з апазіцыі ведае, як ён выглядае!» - не забываецца адзначыць Давыдзька.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру