9 мая ў Маскве, падчас парада Перамогі, адзіным замежным прэзідэнтам на гэтым мерапрыемстве стаў кіраўнік Малдовы Ігар Дадон. Прэзідэнт Малдовы сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і іншымі афіцыйнымі асобамі Расіі. У Крамлі імпэт Дадона ацанілі. Ужо на наступны дзень, 10 мая, стала вядома, што малдаўскае віно вяртаецца ў Расію. За адзін дзень прадукт з Малдовы, які былы галоўны санітарны доктар Расіі Генадзь Анішчанка называў «атрутай, якой можна толькі фарбаваць плот», ператварыўся ў бяспечны і годны тавар.

Да абрання Дадона прэзідэнтам 7 гадоў ва ўладзе ў Малдове знаходзіліся праеўрапейскія сілы. За гэты час Малдова падпісала пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, атрымала бязвізавы рэжым з шэнгенскімі краінамі, пэўны час гэтая краіна нават лічылася ўзорам паспяховай еўраінтэграцыі для іншых краін Усходняга партнёрства. Як так выйшла, што Малдова ў выніку абрала прарасійскага прэзідэнта, ці канчаткова гэтая краіна змяніла свой замежнапалітычны курс і што будзе з еўрапейскімі перспектывамі Малдовы — на гэтыя пытанні шукала адказы «Наша Ніва».

Як праеўрапейскія сілы сябе дыскрэдытавалі

З 2009 года краінай кіравала група правых, нацыяналістычных і цэнтрысцкіх праеўрапейскіх партый, якая фармавала парламенцкую большасць: ліберал-дэмакраты, лібералы і дэмакраты. Але гэтыя палітычныя сілы вечна змагаліся за ўплыў, з-за гэтага яны некалькі гадоў не маглі абраць прэзідэнта (з 2000 па 2016 год прэзідэнт абіраўся парламентам). Акрамя палітычнай нестабільнасці, Малдову ў гэтыя гады скалыналі і карупцыйныя скандалы, апагеем якіх стала так званая «афера стагоддзя», калі з банкаўскай сістэмы Малдовы быў выведзены мільярд даляраў, што было эквівалентна палове золатавалютных рэзерваў краіны. Па гэтай справе былы прэм’ер-міністр Малдовы, лідар ліберал-дэмакратаў Улад Філат быў асуджаны на 9 гадоў, хаця рэальных арганізатараў гэтай аферы так і не судзілі.

Гэтая справа падарвала давер да праеўрапейскіх сіл, якія сталі ў звычайных малдаван таксама асацыявацца з карупцыяй, як і іх папярэднікі. Галоўным «тварам карупцыі» лідар Дэмакратычнай партыі Улад Плахатнюк. Гэта такі прыклад палітыка-алігарха. У Плахатнюка, які лічыцца «малдаўскім Пятром Парашэнкам», ёсць уласная медыяімперыя: яму належыць каля 70% усіх малдаўскіх тэлеканалаў. Таксама ён мае вялікі ўплыў на сілавыя структуры Малдовы.

У 2015—2016 гадах у Малдове адбываліся акцыі пратэсту, галоўным патрабаваннем якіх была адстаўка ўрада і прэзідэнта, прадухіленне прызначэння Плахатнюка новым прэм’ерам, датэрміновыя парламенцкія выбары, а таксама вяртанне да ўсенародных выбараў прэзідэнта.

Пратэст аб’яднаў самыя розныя палітычныя сілы: там былі і прарасійскія левыя (у тым ліку Сацыялістычная партыя Дадона), і новыя праеўрапейскія сілы (якія падтрымлівае ў асноўным моладзь, бо традыцыйныя праеўрапейскія партыі сябе дыскрэдытавалі), і нават юніяністы (прыхільнікі аб’яднання з Румыніяй). Пратэсты дасягнулі сваіх мэтаў — урад быў адпраўлены ў адстаўку, Плахатнюк не стаў прэм’ерам, і Малдова вярнулася да прамых выбараў прэзідэнта.

На выбарах асноўная барацьба адбывалася паміж прадстаўніцай «новых» праеўрапейскіх сіл Маяй Санду і прарасійскім сацыялістам Ігарам Дадонам. Дадон, які абяцаў скасаваць пагадненне аб асацыяцыі Малдовы з ЕС і аб’яднаць Малдову і Прыднястроўе ў федэратыўную дзяржаву, перамог у другім туры з вынікам 52,27%.

Малдова — новы сатэліт Крамля?

Нягледзячы на абранне прэзідэнтам Дадона, гэта не зусім так. Згодна з канстытуцыяй, прэзідэнт Малдовы — асоба з сімвалічным статусам, рэальная ўлада знаходзіцца ў руках парламента, дзе пакуль яшчэ парламенцкую большасць фармуюць праеўрапейскія сілы. Малдова — гэта не Беларусь, таму Дадон не можа самастойна скасаваць дзеянне пагаднення аб асацыяцыі з ЕС і змяніць курс краіны на еўраінтэграцыю.

Але ў прэзідэнта ёсць дзве важныя функцыі. Па-першае, прэзідэнт выконвае рэпрэзентатыўныя функцыі і фармуе імідж краіны. Пастаянныя візіты Дадона ў Маскву, а таксама яго еўраскептыцызм не могуць не ўплываць на замежную палітыку Малдовы, таму гэтую краіну ўсё часцей успрымаюць як чарговага сатэліта Крамля. Па-другое, прэзідэнт з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узброенымі сіламі краіны. Ігар Дадон скарыстаўся сваім правам і забараніў запланаваныя сумесныя вучэнні малдаўскіх і румынскіх вайскоўцаў.

Такім чынам, нельга сказаць, што Малдова цалкам змяніла свой замежнапалітычны курс і будзе цяпер арыентавацца толькі на Расію. У Дадона няма паўнамоцтваў, парламентам кіруе праеўрапейская кааліцыя, а асноўныя медыярэсурсы знаходзяцца ў мультымільянера Плахатнюка.

Што будзе далей?

Ігар Дадон зацікаўлены ў пашырэнні сваіх паўнамоцтваў. 24 верасня ў Малдове можа адбыцца ініцыяваны Дадонам рэферэндум, на які выносяцца пытанні пашырэння паўнамоцтваў прэзідэнта, у тым ліку перадача права прэзідэнту распускаць парламент і прызначаць датэрміновыя выбары. Былы прэзідэнт Малдовы, камуніст Уладзімір Варонін, які з’яўляецца нефармальным настаўнікам Ігара Дадона, лічыць, што ў новага прэзідэнта манія ўлады і ён гэтай уладай захапляецца.

Не трэба забываць пра тое, што ўсё ж асноўныя рычагі ўлады знаходзяцца ў парламента. Пакуль у парламенце пераважаюць праеўрапейскія сілы, хаця, хутчэй за ўсё, гэты расклад зменіцца ўжо ў наступным годзе, пасля парламенцкіх выбараў.

Дэмакраты, лібералы і ліберал-дэмакраты, якія зараз складаюць большасць, у новы парламент могуць нават і не трапіць, бо будуць няздольныя пераадолець неабходны бар’ер. Хутчэй за ўсё, пашырыць сваю прысутнасць Сацыялістычная партыя Дадона, хаця ў іх не будзе абсалютнай большасці ў парламенце. Але ў любым выпадку Расія праз Дадона і сацыялістаў будзе ўзмацняць свой уплыў.

Замест старых праеўрапейскіх партый, у парламенце з’явяцца новыя. У першую чаргу гэта ліберальная партыя «Дзеянне і салідарнасць» кандыдата ў прэзідэнты Маі Санду, а таксама партыя «Годнасць і праўда», якая арганізоўвала пратэсты 2015—2016 гадоў.

Такім чынам, Малдова хаця і не з’яўляецца паспяховай краінай, але ўсё ж там дзейнічаюць пэўныя дэмакратычныя працэдуры, што не дазваляе казаць пра 100% уплыў Расіі на сітуацыю ў гэтай краіне. З іншага боку, прыклад Малдовы з’яўляецца паказальным для іншых краін Усходняга партнёрства: падпісанага пагаднення аб асацыяцыі, бязвізавага рэжыму і эканамічных рэформ недастаткова для паспяховай еўраінтэграцыі. Без поспехаў у эканоміцы і нецярпімасці да карупцыі гэтыя краіны маюць усе шанцы зноў трапіць у сферу ўплыву Крамля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?