У Брэсце да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўсталююць Берасцейскай Бібліі, паведаміў БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў.

wikipedia.org

У Брэсцкай вобласці сёння аб'яўлены адкрыты конкурс на распрацоўку эскізнага праекта памятнага знака, прысвечанага выдадзенай у 1563 годзе Берасцейскай Бібліі. Ініцыятыва прымеркаваная да 500-годдзя кнігадрукавання Беларусі. Прыём заявак ад удзельнікаў будзе праходзіць да 12 чэрвеня. «Да стварэння помніка Берасцейскай Бібліі мы хочам прыцягнуць як мага больш людзей. Да конкурсу могуць далучыцца і прапанаваць свае варыянты жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі, замежныя майстры», — падкрэсліў Вячаслаў Гарбузаў.

Работы павінны быць выкананыя на лістах фармату А3 ці А4 і дапоўненыя кампазіцыйным рашэннем (аб'ёмна-прасторавай мадэллю), выкананым з любога матэрыялу. Эскізы майстры могуць дасылаць на адрас упраўлення культуры Брэсцкай аблвыканкама (вул. Камуністычная, 1). Найлепшы праект будзе абраны на абласным мастацка-экспертным савеце. Пераможцу творчага конкурсу чакае грашовая прэмія ў 40 базавых велічынь (адна БВ цяпер складае Br23).

Помнік Брэсцкай Бібліі плануецца ўсталяваць у абласным цэнтры на скрыжаванні вуліц Пушкінская і Кірава, паблізу абласной бібліятэкі імя Горкага. Адкрыццё аб'екта намечанае на восень падчас правядзення міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы».

Фінансавацца праект будзе за кошт абласнога бюджэту, спонсарскіх ахвяраванняў, у тым ліку ў зборы сродкаў прапануецца паўдзельнічаць грамадскім і рэлігійным арганізацыям.

«Берасцейская Біблія — адно з самых поўных, цікавых і якасных выданняў таго часу на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Усяго засталося каля 120 асобнікаў кнігі. На жаль, у Брэсцкай вобласці поўнага збору няма. У абласной бібліятэцы захоўваецца толькі частка кнігі — больш за 100 старонак арыгінала Бібліі», — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0