9 мая актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі правялі суботнік на мемарыяле ў Драздах. Гэта абурыла дырэктарку мінскай школы.

«Педагог СШ №104 Наталля Мікалаеўна звярнулася ў раённую адміністрацыю не для таго, каб паскардзіцца на брудны пад'езд ці пабітую дарожку ў парку. Яе, як і яе калегаў, абурылі публікацыі на асобных інтэрнэт-парталах аб суботніку сяброў некаторых палітычных партый, які прайшоў 9 мая ў месцы масавых пахаванняў ваеннапалонных і мірных грамадзян канцлагера «Дразды», — паведамляюць «Мінск-Навіны».

Абурыла педагога акцыя АГП, якую партыя праводзіць штогод. І сёлета правацэнтрысты прыбраліся на мемарыяле і ўсталявалі ўказальнік.

фота - АГП

фота - АГП

Але ж педагог — хутчэй за ўсё, абуралася дырэктарка школы, Наталля Сідарэнка — абурылася заявай актывістаў пра закінутасць помніка.

«Толькі цяперашняй вясной мы правялі там пяць суботнікаў, у якіх удзельнічалі як педагогі, так і вучні. У школьным музеі пастаянна дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная Драздам, кожны год праводзім на тэрыторыі мемарыяла вахты памяці, прыёмы ў піянеры, мітынгі, ўскладаем вянкі ля памятнага знака. Займаемся гэтым не для таго, каб хтосьці нас пахваліў, а таму што шануем памяць ахвяр вайны, пахаваных у Драздах. Таму сваю працу асабліва і не афішуем. Мы вучым нашых школьнікаў, што пра добрыя справы не крычаць. І вось уявіце наша абурэнне, калі мы прачыталі ў інтэрнэце аб тым, што прадстаўнікі апазіцыі навялі парадак на пахаванні «Дразды», да якога, нібыта, нікому, акрамя іх, няма справы!» — заявіла Наталля Мікалаеўна.

Яна кажа, што «прачытаць такое было вельмі крыўдна як настаўнікам, так і дзецям, якія працуюць на мемарыяле не адзін раз за год».

«Яны прыйшлі і правялі там суботнік! Ды што там ужо было прыбіраць пасля таго, як мы столькі разоў праводзілі там свае працоўныя акцыі, ды і адміністрацыя раёна працавала там падчас рэспубліканскага суботніка?! — абураецца дырэктарка. — Апазіцыя проста спекулюе на нашай гісторыі, на ахвярах вайны…»

Цікава, што чыноўніцтва жвава адрэагавала на словы педагога.

Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі пагадзіўся з пунктам гледжання заяўніцы і паабяцаў, што раённыя ўлады зробяць усё магчымае, каб падобныя паклёпы больш не паўтараліся. Ён не выключае, што пытанне аб недакладнай інфармацыі, якая прагучала на асобных інтэрнэт-рэсурсах, можа быць разгледжана ў судовым парадку.

Сама Наталля Сідарэнка адмовілася ад каментароў «Нашай Ніве».

У сваю чаргу ў АГП адказваюць — да суда гатовыя.

«Я гатовы ісці ў суд і нават спадзяюся, што працэс адбудзецца. Мне ёсць што сказаць Бузоўскаму, бо ён не валодае тэмай і хоча проста нас прынізіць, — адказаў «Нашай Ніве» адзін з арганізатараў суботніка Мікалай Казлоў, лідар мінскай арганізацыі АГП. — Што тычыцца школьнікаў, то я бачыў, што яны прыбіраюць, яны вялікія малайцы.

Але справа не ў гэтым. Размова не пра камень, а непасрэдна пра пахаванне, дзе ляжаць дзесяць тысяч чалавек. Яно знаходзіцца ў полі, на чалавечых парэштках расце зерне. Ніхто гэтым пытаннем не займаецца. Толькі на ўскрайку стаіць той камень.

Дык ёсць каму справа ці не да таго пахавання?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?