Чытач даслаў у Рэдакцыю «Нашай Нівы» ўлётку, якую знайшоў у сваёй паштовай скрыні напярэдадні 9 мая.

«Сіона-амерыканскі капіталізм», «сусветны імперыялізм», «нацыяналістычныя падонкі, якія мараць пра фашысцкую дыктатуру ў Беларусі»: якіх толькі пагрозаў беларускай дзяржаўнасці не было абазначана ў тым лісточку. Усё гэта замацоўвалася выявай Сталіна на рэверсе. 

Кантакты распаўсюднікаў былі ўказаныя там жа — гэта «аргкамітэт па стварэнні антыімперыялістычнага і антыфашысцкага руху працоўных Беларусі». 

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца, што ж гэта за рух і кім кіруецца. 

Усё стала ясна пасля размовы з сакратаром гэтага руху — Леанідам Школьнікавым, які прадставіўся яшчэ і як каардынатар руху «За саюз і камуністычную партыю саюза» (СКПС), разам з гэтым — камуніст і член Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. 

Леанід сказаў, што ініцыятыва стварэння «антыімперыялістычнага і антыфашысцкага руху» належыць яму і паплечнікам — актывістам СКПС і падобных арганізацый, якімі кіруюць людзі глыбокага пенсійнага веку. 

«Антыфашысцкі фронт ствараем таму, што ідуць спробы пранікнення фашысцкіх метадаў і арганізацый у Беларусь. Успомнім: нядаўна нашыя граніцы штурмавалі беларусы, якія прайшлі практыку ў АТА ва Украіне. Яны ехалі, каб зрабіць тую ж самую фашысцкую дзею, які зладзіў глабальны капітал ва Украіне. Беларусь таксама уваходзіць у сусветную супольнасць і па розных каналах да нас пранікаюць негатыўныя моманты сусветнай палітыкі. А там галоўнае што? Сусветны алігархат імкнецца да непадзельнага сусветнага ўладарства. Мы не будзем заплюшчваць вочы на гэта і ў парадку прафілактыкі арганізуем антыфашысцкі камітэт. Змагацца будзем дазволенымі законамі сродкамі», — заявіў Школьнікаў і падзяліўся сваім болем за радзіму.

«Мы занепакоеныя лёсам Беларусі. Канечне, афіцыйна зарэгістраваных фашысцкіх арганізацый мы не бачым. Але існуюць падпольныя арганізаціі фашысцкага кшталту, нядаўнія акцыі — гэта іх работа [гаворка, у прыватнасці, пра 25 сакавіка]. Сённяшнія актывісты выклікаюць сумнеў. Скажам, анархісты. У іх спецыфічны светапогляд, імі можна маніпуляваць, як хочаш — у тым ліку і ў фашысцкіх інтарэсах. А дэмакраты? Калі чалавек за дэмакратыю, гэта яшчэ не значыць, што ў яго няма фашысцкіх намераў. «Трэба глядзець», як казаў наш кумір — натуральны і аб'ектыўны — Ленін. Хіба ў нас дэмакратыі сёння не з'яўляюцца праваднікамі фашызма? Хіба амерыканская дэмакратыя — не з'яўляецца фашысцкай? Адназначна з'яўляецца! Фашызм у знешняй палітыцы абавязкова пераўтворыцца ў фашызм ва ўнутранай. Той жа Гітлер — гэта стаўленнік манаполій, сусветнай алігархіі. Мы таксама за адраджэнне СССР. Сапраўдны Савецкі Саюз быў дабром для ўсіх народаў, а перадусім — для народа Беларуссіі. Савецкі Саюз паказаў, што можа паспяхова стаяць супраць імперыялізму. А калі беларускі народ ажыццяўляе сваю абарону па-за Савецкім Саюзам, падвяргаецца генацыду. Альбо як мінімум рызыкуе стаць дзяржавай-рабом у сусветнага капіталізму. Мы стаім за інтарэсы беларускага народа!», — запэўніў Леанід і замацаваў іх прыкладамі суседзяў.

Актывісты СКПС на 9 мая 2017 у Мінску

Актывісты СКПС на 9 мая 2017 у Мінску

«Прыбалтыка пайшла да Еўрапейскага Саюза. І дзе іх суверэнітэт? Прафукалі! Дзе эканоміка? Прафукалі! Ідуць па свеце з працягнутай рукой! На халеру нам такое? І ў Польшчы я не раз быў. Ведаю, што там робіцца. Польшча згубіла свой суверэнітэт! Яны ідуць у фарватары амерыканскага імперыялізму. Народ там жыве не так добра, як пра гэта пішуць. І шмат у чым горш, чым у нас. У іх упаў дабрабыт у сувязі з санкцыямі, якія ўвёў Еўрасаюз супраць Расіі. А беспрацоўе вазьміце? У іх яно большае. Мы таксама падтрымліваем і ДНР, і ЛНР — мы прыхільнікі самавызначэння нацый! І там насельніцтва арганізавала рэферэндумы. Такія рэферэндумы, дзе камар носу не заточыць, усё было арганізавана так, што ніхто і не аспрэчвае іх вынікаў, праведзеныя яны ў выключна дэмакратычных умовах. А што зрабілі мы ў Мінску? Правялі перамовы і вырашылі, што гэтыя тэрыторыі з асаблівым статусам! А што такое той асаблівы статус? Народ не хоча жыць пад фашысцкім рэжымам, мы гэтае памкненне падтрымліваем». 

Леанід Школьнікаў таксама сказаў, што іх рух мае рычагі ўплыву на людзей. 

«У нас ёсць сайт [праз мізэрную наведвальнасць не індэксуецца аналітычнымі сайтамі — НН], ёсць газеты — «За СССР» (выдаецца ў Маскве), «Галоснаць» — орган ЦК КПСС. Вы, напэўна, не падазраеце, што КПСС жывая і дзейнічае? Ёсць газеты «Працоўная Расія», «Цюменская праўда» і гэтак далей. Дастаткова газет у нас. Выдаецца газета «Наперад», газета «Вернасць» — хай моладзь чытае, газета даволі інфарматыўная. Так, у нас моладзь ёсць. Яе менш, чым у БНФ, мы разумеем гэтую сітуацыю, але моладзь у нас ёсць», — падсумаваў Школьнікаў і запэўніў, што толькі ў яго арганізацыі, якая мае стаць часткай «антыфашысцкага руху», — 700 чалавек. Таму яны будуць дамагацца рэгістрацыі ад уладаў. 

Дарэчы, калі мы спыталі, што рабіць з міжнароднымі кампаніямі, якія працуюць у Беларусі, у прыватнасці — у ІТ-сферы, суразмоўца нас не зразумеў і сказаў, што выступае за кантроль інтэрнэта у мэтах супрацьдзеяння хакерам і рэвалюцыянерам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?