18 мая Аляксандру Кулінковічу, вакалісту і лідару беларускага панк-гурта «Нейра Дзюбель», споўнілася 45 гадоў. «Наша Ніва» зрабіла падборку цікавых фактаў пра вядомага музыку.

Сантэхнік-журналіст

Кулінковіч скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню, па спецыяльнасці ён — сантэхнік. Пасля будучы музыка яшчэ трохі павучыўся на журналіста ў БДУ, але «не зраслося».

А зарабляе на жыццё Кулінковіч не музыкай, а журналістыкай. Ён пісаў у розныя выданні, у тым ліку і «Советскую Белоруссію», быў вэб-рэдактарам.

Дарэчы, яго жонка Алена таксама працуе ў медыя, яна рэдактар рэкламна-інфармацыйнага часопіса «TAXI».

Займаўся сэксам у рэдакцыі газеты «Праўда»

Пра незвычайны факт распавядаў сам Кулінковіч у інтэрв’ю «Камсамолцы»:

«Я займаўся каханнем у рэдакцыі газеты «Праўда», калі мяне пакінулі там начаваць, загадаўшы нічога не чапаць».

«Забіць асеціна»

Вядомая назва «Нейра Дзюбель» з’явілася ў калектыва не адразу. Першай ідэяй было назваць гурт «Музычнае аб’яднанне «Забіць асеціна». Прычым, ідэя належала якраз Аляксандру Кулінковічу. Праўда, яго ўсё ж адгаварылі ад такой назвы.

Спяваў з Ксюшай Сітнік

У 2010 годзе Кулінковіч нечакана заспяваў разам з пераможцай дзіцячага «Еўрабачання» Ксеніяй Сітнік. Разам яны выканалі песню «Мы вместе», з якой Ксенія перамагла ў конкурсе ў 2005 г.

Выступ адбыўся на гала-канцэрце адборачнага конкурсу на дзіцячае «Еўрабачанне», яго паказвалі па БТ.

Краіна мары — Нарвегія

У шматлікіх інтэрв’ю Кулінковіч неаднаразова казаў, што ненавідзіць Мінск, і, каб не праца, даўно з’ехаў бы ў вёску. Ды і ўвогуле, музыка адзначаў, што ў беларускім жыцці надта шмат недарэчнасцяў.

А ідэальнай краінай Аляксандр лічыць Нарвегію. У яго дома нават вісіць нарвежскі сцяг на сцяне.

У ДНР - бандыты

Кулінковіч працаваў у дзяржаўнай газеце «Советская Белоруссія», аднак не саромеецца выказвацца на вострыя тэмы. Напрыклад, у адным з інтэрв’ю ён рэзка прайшоўся па сепаратыстах Данбаса:

«Лідары ДНР і ЛНР — мне здаецца, што гэта проста бандыты, якія дзеляць кавалак зямлі. Як у 90-я гады бандыцкія групоўкі дзялілі сферы ўплыву, так, мне здаецца, і цяпер гэтыя людзі дзеляць сферы ўплыву. Толькі сёння яны абраслі гербамі і гімнамі. Мне здаецца, яны элементарныя бандыты, і паступаць з імі трэба як з бандытамі».

Да георгіеўскай стужкі музыка ставіцца «вельмі негатыўна»:

«Мне кажуць, што гэта знак, што гэтая стужка была на ордэнах Славы. Ну так. Але разумееце, свастыцы, якая сёння забаронена практычна ва ўсіх краінах свету, шмат тысяч гадоў.

Таму сёння, калі бачу георгіеўскую стужачку, у мяне стаўленне да яе як да негатыўнага знаку. А да людзей, якія яе вывешваюць, стаўленне як да людзей, якія падтрымліваюць адкрыта фашысцкую агрэсію Расіі супраць Украіны».

Пачаў пісаць песні на беларускай дзякуючы Караткевічу

«Быў супольнік на вершы Караткевіча, песня «Скрыпка дрыгвы». Хоць альбом не выйшаў, але трыб'ют меў свой плён, бо дзякуючы яму я пачаў спяваць па-беларуску, — расказваў Кулінковіч. — У песні ж як? Або ты спяваеш на мове, на якой думаеш, або песні выйдуць мёртвыя.

Дык хоць я расійскамоўны, але настолькі прасякнуўся паэзіяй Караткевіча, што папрасіў у Вольскага яшчэ колькі беларускіх кніг пачытаць. І так захапіўся, што калі-нікалі пачаў думаць па-беларуску. І паляцела, не спыніць-не стрымаць: пачаў складаць і гуляцца словамі…»

Ледзь не памёр на аперацыйным стале

У 1994 г. Аляксандру рабілі сур’ёзную аперацыю — у яго знайшлі анеўрызму мазжачка. Усё пачалося з невыносных галаўных боляў, а пасля высветлілася, што трэба тэрмінова класціся пад нож.

«Мне вельмі пашанцавала: аперацыю рабіў найлепшы нейрахірург Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч. Найвялікшы чалавек, глыба. Я згадваю Арнольда Фёдаравіча ва ўсіх сваіх малітвах. Калі б аперацыю зрабілі на некалькі секунд пазней, яна скончылася б смяротным зыходам, вынікам расказваў Кулінковіч «Камсамольскай праўдзе».

— Калі ўскрылі чэрап і хірург заносіў скальпель, каб выдаліць пухліну, стала відаць, што яна разарвалася, да жыццёва важных сасудаў пабег струменьчык крыві. І калі б дабег, наступіла б імгненная смерць. Арнольд Фёдаравіч паспеў перакрыць доступ і выратаваў мяне. З таго часу ў канцы лістапада я адзначаю другі дзень нараджэння».

Інсульт на сцэне

Праз 20 гадоў пасля той аперацыі Кулінковіча напаткала новая бяда са здароўем.

У красавіку 2015 года наведнікі канцэрта «Нейра Дзюбеля» абураліся паводзінамі вакаліста — Кулінковіч блытаў і забываў словы, ледзь хадзіў па сцэне. Усе вырашылі, што музыка быў п’яны, але як высветлілася пазней, у Аляксандра здарыўся мікраінсульт. Па словах Аляксандра, перад прэзентацыяй альбома ён не спаў некалькі дзён і вельмі перажываў з-за новай кружэлкі гурта, да таго ж трохі выпіў перад выступам.

Заўзеў за «Чыкага Булс»

Кулінковіч прызнаваўся, што не надта цікавіцца спортам — з беларускіх камандаў увогуле ведае толькі БАТЭ і сталічнае «Дынама». У апошнім клубе, дарэчы, у яго гуляў брат.

Але пэўныя сімпатыі Кулінковіч усё ж мае. Ён прызнаваўся, што «тапіў» за вядомы баскетбольны клуб «Чыкага Булс», нават глядзеў усе гульні чэмпіянату NBA з удзелам гэтай каманды. А на чэмпіянаце Еўропы па футболе (у 2010 годзе) ў фінале падтрымліваў галандцаў і быў вельмі расчараваны гульнёй, бо выйграла Іспанія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?