18 мая на пазачарговай канферэнцыі змяніўся кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі. Як паведамляе афіцыйны сайт БТФ, на пасаду старшыні арганізацыі абраны Сяргей Цяцерын. Ён змяніў на гэтай пасадзе бізнэсмэна Аляксандра Шакуціна, які ўзначальваў Беларускую тэнісную федэрацыю з 2012 года, піша Tut.by.

Сяргей Цяцерын. Фота: tennis.by

Сяргей Цяцерын. Фота: tennis.by

Сяргей Цяцерын падзякаваў дэлегатам за давер і адзначыў, што кожны кіраўнік федэрацыі тэніса ўнёс свой неацэнны ўклад у развіццё гэтага віду спорту ў Беларусі.

— Чатыры гады таму была ўнесеная кандыдатура Шакуціна Аляксандра Васільевіча на гэтую пасаду. І я думаю, што кожны з вас, сутыкнуўшыся за гэты перыяд з яго працай, можа адназначна сказаць, што зроблена вельмі шмат, выбудаваная цэлая сістэма, пачынаючы з развіцця матэрыяльных баз і заканчваючы спартыўнай працай. З'явіліся новыя трэнеры, а беларускія тэнісісты паспяхова выступаюць на сусветных кортах, з'явіліся новыя вельмі высокія вынікі. Я хачу сказаць яму вялікі дзякуй, падзякаваць за ўсё, што зроблена. Са свайго боку хачу паабяцаць, што ўсе тыя пачаткі і думкі, якія ім былі запланаваныя, будуць працягнутыя, — сказаў Сяргей Цяцерын.

Аляксандр Шакуцін. Фота: tennis.by

Аляксандр Шакуцін. Фота: tennis.by

Сяргей Цяцерын прапанаваў надаць Аляксандру Шакуціну званне ганаровага сябра Беларускай тэніснай федэрацыі.

Найлепшых дасягненняў зборныя Беларусі ў часы кіраўніцтва БТФ Аляксандрам Шакуціным дамагліся ў гэтым годзе. Гэта выхад жаночай каманды ў фінал Кубка Федэрацыі, дзе 11-12 лістапада ў Мінску яна пазмагаецца з дружынай ЗША. А таксама прарыў мужчынскай каманды ў плэй-оф сусветнай групы Кубка Дэвіса. На гэтай стадыі беларусы выступяць упершыню за 10 гадоў.

Сяргей Цяцерын да гэтага дня быў намеснікам старшыні РГА «БТФ». Майстар спорту СССР па тэнісе, чэмпіён Еўропы сярод юнакоў, член зборнай СССР сярод юнакоў, неаднаразовы капітан нацыянальнай мужчынскай зборнай у Кубку Дэвіса. Менавіта пад яго кіраўніцтвам беларуская каманда дамаглася самай гучнай перамогі, у 2004 годзе, у часы росквіту кар'ер Уладзіміра Валчкова і Максіма Мірнага, прабіўшыся ў паўфінал Кубка Дэвіса.

Сяргей Цяцерын некалі далучыў да тэніса Аляксандра Лукашэнку і з часам стаў адным з самых блізкіх да яго людзей, часта суправаджае яго на нефармальных мерапрыемствах.

Раней Сяргей Цяцерын з'яўляўся першым намеснікам міністра спорту і турызму, памочнікам прэзідэнта па спорце, дырэктарам алімпійскага спарткомплексу «Раўбічы», дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе, віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Вясной 2016 года стала вядома, што Сяргей Цяцерын з'яўляецца дырэктарам мнгопрофильной кампаніі «БелГлобалСтарт», дзе яго намеснік — былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі па спорце Ігар Заічкоў. Пачатак бізнэсу быў пакладзены ў 2013 годзе. Праз год «БелГлобалСтарт» стаў галаўной арганізацыяй холдынгу, які аб'яднаў пад сваім кіраваннем некалькі кампаній, якія займаюцца рознай дзейнасцю: «БелГлобалСтар», «БелГлобалГарант» і «БелГлобалТон».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0