Пад Гроднам адкрылі ўнікальную музейную экспазіцыю, з экскурсіяй можна наведаць падземныя галерэі стагадовага форта, паведамляе БЕЛТА.
У Гродзенскім раёне для турыстаў адкрыўся самы вядомы - IV форт Гродзенскай крэпасці, адзіны (з 13 фартыфікацыйных збудаванняў) поўнасцю захаваны да нашых дзён. Форт пабудаваны ў 1914 годзе, а ўжо ў жніўні-верасні 1915 года яго гарнізон прыняў на сябе ўдар германскай арміі.
У сярэдзіне форта абстаноўка максімальна набліжаная да тых часоў. Нягледзячы на тое, што ён выкарыстоўваўся ў якасці закансерваванага каманднага пункта да 1970-х гадоў, для турыстаў аднавілі атмасферу стагадовай даўнасці. На экскурсію па 150-метровым падземным маршруце наведвальнікі выходзяць у касках і з моцнымі ліхтарамі.
«Адкрыццё новага аб'екта - чарговы крок у рэалізацыі канцэпцыі музеефікацыі. Ён, упэўнены, будзе прывабным як для турыстаў з Беларусі, так і для іншаземцаў, паколькі форт уваходзіць у тэрыторыю бязвізавай зоны», - сказаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Ён падкрэсліў, што такія аб'екты павышаюць прывабнасць рэгіёна для замежных турыстаў. Правам без візы наведаць Гродна і навакольную мясцовасць з кастрычніка 2016 года ўжо скарысталіся больш за 14,5 тыс. іншаземцаў.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны вакол Гродна на адлегласці амаль 10 км было пабудавана 13 фартоў. Большасць з іх у час той вайны былі ўзарваныя.





