Reuters.com

Reuters.com

На саміце краін G7 у Італіі прынятая выніковая дэкларацыя. Адзін з раздзелаў ў ёй прысвечаны санкцыйнай палітыцы ў дачыненні да Расіі. У дакуменце лідары падкрэсліваюць, што антырасійскія санкцыі выразна ўвязаныя з выкананнем мінскіх пагадненняў. Аднак пры неабходнасці лідары краін «Вялікай сямёркі» гатовыя зрабіць больш жорсткім іх, «калі спатрэбіцца».

«Нагадаем, што тэрмін дзеяння санкцый выразна ўвязаны з поўным выкананнем Расіяй сваіх абавязацельстваў у рамках мінскіх пагадненняў і павагай суверэнітэту Украіны. Санкцыі могуць быць адмененыя, калі Расія выканае свае абавязацельствы. Аднак мы таксама гатовыя прыняць далейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Расіі, калі гэтага запатрабуюць яе дзеянні», — гаворыцца ў выніковай дэкларацыі.

Саміт G7 з удзелам лідараў ЗША, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Японіі і Канады, праходзіў 26—27 мая на Сіцыліі. Незадоўга да прыняцця выніковай дэкларацыі Reuters са спасылкай на крыніцу ў дыпламатычных колах саміту паведамляў, што ў лідараў «Вялікай сямёркі» няма агульнай думкі ў пытаннях, якія тычацца Расіі.

Суразмоўца агенцтва адзначаў, што да публікацыі выніковага камюніке застаюцца лічаныя гадзіны, а ўдзельнікі саміта яшчэ не вырашылі, ці будзе ў заяве ўтрымлівацца пункт аб увядзенні дадатковых абмежавальных мер у дачыненні да Расіі.

Напярэдадні ў рамках саміта з заявай аб санкцыйнай палітыцы ў дачыненні да Расіі выступіў кіраўнік Еўрарады Дональд Туск, а таксама дарадца прэзідэнта ЗША Гары Кон. Туск заклікаў лідараў G7 прытрымлівацца сваёй палітыкі санкцый у дачыненні да Расіі. Ён адзначаў, што з часу апошняга саміта G7 ў Японіі, які праходзіў у мінулым годзе, «мы не ўбачылі нічога, што магло б паўплываць на змяненне нашай палітыкі санкцый у дачыненні да Расеі».

Кон у сваю чаргу за дзень да саміта заяўляў, што Трамп пакуль не вызначыўся са сваёй санкцыйнай палітыкай у дачыненні да Расіі. Аднак у першы дзень саміта ён паведаміў журналістам, што ЗША не плануюць змякчаць санкцыі супраць Расіі і нават не выключаюць магчымага ўзмацнення іх жорсткасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?