Грымяць яшчэ абмеркаванні прафесійнасці міліцыянераў і службы аховы метрапалітэна падчас затрымання буйнага хлопца ў метро. І адна з такіх спрэчак адзначылася тым, што ў ёй узяў удзел кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч.
Ён зарубіўся з Антонам Матолькам пад адным з допісаў у фэйсбуку, называючы блогера то «малышом», то «дзяўчынкай».
Пачалося ўсё на старонцы палкоўніка Ігара Пармона — Матолька спытаўся, да якога ведамства належаць ахоўнікі метро.
Цягам абмеркавання ў каментах з'явіўся Канстанцін Шалькевіч, напісаўшы «О, яшчэ адзін профі з'явіўся… Час ісці па поп-корн».
Пасля градус палемікі толькі павышаўся: Матолька назваў імідж міліцыі адмоўным, на што атрымаў адказ, што меркаванне аднаго чалавека, які лічыць сябе фатографам, не адлюстроўвае агульнай сітуацыі.
Далей пікіроўка вылілася ў абразы.
«Я нагадаў, што Шалькевіч — супрацоўнік дзяржаўнага ведамства, якое функцыянуе на нашыя падаткі. Ну і нагадаў, што гэта інтэрнэт — тут і на…й паслаць могуць», — сказаў нам Матолька.
Такі намёк на абразу выклікаў шал у Шалькевіча.
Ён напісаў, што «дзяўчынка пакрыўдзілася» і што «малыш можа паслаць толькі ў інтэрнэце».
Блогер зрабіў скрыншоты і выклаў іх на сваёй старонцы.
Шалькевіч адрэагаваў наступнай фразай:
«Антон, па завядзёнцы, не даў полнай карціны. І не выклаў свой пост. А за такое морду б'юць. Праўда, не дзяўчатам, канечне. Тут, у натоўпе ягоных прыхільнікаў, я, канечне, не баец. Але ў іншай галінцы ён баязліва зліўся, вырваў словы з кантэксты і запосціў тут. Усё гэта, канечне, гнюсна. Але як ёсць».
Каментатары па-рознаму ацэньваюць рэакцыю прэс-сакратара на Матольку, як і словы таго пра «на…й паслаць могуць».
Што да канкрэтна гэтай фразы, то Антон сказаў нам, што «яна адрасавалася Шалькевічу, але канкрэтна яго я не пасылаў».
Аператыўна звязацца з Шалькевічам па каментар у нас не атрымалася.
Пра яго пазіцыю можна меркаваць па паведамленні, якое міліцыянер пакінуў у інтэрнэце.
«Рэакцыя была не на сітуацыю. Тут якраз усё нармальна. А на хамскі допіс Антона Матолькі, які ён не хоча выкладаць. І адзначу, што я тут пішу як прыватная асоба. Мой акаўнт ніякай прывязкі да МУС не мае. Проста, прайграўшы ў мужчынскай спрэчцы, Антон усё перавёў на сваю звыклую барацьбу з сістэмай. Але гэта тут ні пры чым», — напісаў Шалькевіч.





