Стадыён СШ №34.

«Мы зразумелі, што менавіта разам з дырэктарам СШ №34 можна рабіць фантастычныя справы»

Трэніруюць дзяцей былыя і сённяшнія ўдзельнікі каманды «Магілёўскія львы», якія стаялі ў вытокаў развіцця бейсбола ў нашай краіне, Дзмітрый Дзмітрыеў і Андрэй Панасенка. Магілёў у гэты плане вельмі авантурны горад: бейсбольных каманд тут з’яўлялася шмат, але высокіх вынікаў яны не дэманстравалі і хутка развальваліся. «Львы» зараз, як кажуць, таксама не тыя, што былі ў 1990-я. Патрэбная новая кроў, якую Андрэй з Дзмітрыем і вырашылі здабыць, на чыстым энтузіязме стварыўшы дзіцячую каманду пры школе на амерыканскі манер.

Трэнер Дзмітрый Дзмітрыеў дапамагае выхаванцам апрануць амуніцыю.

Другі трэнер Андрэй Панасенка ўжо прывёў на стадыён сваіх дзяцей.

Базай для сваёй справы абралі школу №34. Па-першае, таму што тут як раз і нараджаліся «Львы» і ўвогуле дзіцячы бейсбол Беларусі, а па-другое, будучыя трэнеры былі ўпэўненыя, што мясцовы дырэктар Ігар Якіменка пойдзе ім насустрач. Тым больш што школа знаходзіцца ў спальным раёне: менавіта ёй выпадае рабіць жыццё навокал больш цікавым. 

«Калі я ўбачыў, што кіраўніцтва 34-й школы адным з першых у горадзе пайшло на крок па стварэнні беларускамоўнага класа, я зразумеў, што разам з гэтымі людзьмі можна рабіць фантастычныя і карысныя справы. І не памыліўся: нашы перамовы з Ігарам Віктаравічам занялі хвіліны чатыры. Мы хутка закупілі патрэбны інвентар з формай і з верасня пачалі займацца з дзецьмі. Так нарадзіўся школьны бейсбол», — расказвае Дзмітрый, які, дарэчы, з’яўляецца сябрам праўлення Беларускай бейсбольнай асацыяцыі.

Сам дырэктар школы згадвае, што адразу пайшоў на такую авантуру, бо бейсбол вельмі падобны да народнай лапты: «Акрамя таго, ёсць дзеці, якім не даюцца алімпіяды, якія не пацягнуць бег ці баскетбол… Вось якраз у бейсболе яны і могуць сябе знайсці, бо гэта пазіцыйная гульня».

Рэкламаваць новы спартыўны кірунак не прыйшлося. Калі школьнікі на чарговым дні фізкультурніка ўбачылі, як дарослыя дзядзькі на стадыёне сякуцца ў гульню, якую да гэтага большасць бачыла толькі па тэлевізары, яны самі запісаліся на першую трэніроўку.

«Цікава, што да нас падыходзілі розныя дзеці: фізічна моцныя і не. І вось апошніх засталося больш, таму што ім шчыра цікава было. У бейсболе ты можаш быць тлустым ці маленькім — не так істотна. Калі трэнер падбярэ для цябе прыдатную пазіцыю, можна дэманстраваць найлепшы вынік: хтосьці павольна бегае, але добра б’е ці кідае мяч», — уводзіць у курс справы трэнер Дзмітрыеў.

Радзівон Ключнікаў з задавальненнем вярнуўся на поле пасля месяца адсутнасці: разлічваўся з запазычанасцямі па вучобе.

Андрэй і Дзмітрый называюць бейсбол самай нестандартнай гульнёй, бо толькі тут каманда, якая нападае, не валодае мячом. У кожным іх сказе чуецца непрыхаваная любоў да гэтага занятку. Сваё захапленне мужчыны перадалі і родным дзецям: так, для чатырохгадовага сына Дзмітрыя — Яна — гэта ўжо любімае відовішча, а малыя Андрэя, Яўген і Маша, пастаянна прыходзяць на трэніроўкі разам з татам.

У адзін момант колькасць іх дзяцей рэзка павялічылася амаль у 5 разоў: для выхаванцаў «Team-34» яны сталі другімі бацькамі.

«Дзякуючы заняткам бейсболам я перастала баяцца людзей»

— У дом! У дом! Хутчэй, хутчэй!

— Ну, і куды ты кінуў?!

— Гэй, Ігар! Ты чаго сядзіш? Ты наступны адбіваеш!

Стадыён патанае ў азартных крыках. Тры базы, біты, мячыкі, пальчатка-«лавушка», абарона і напад… Нягледзячы на тое, што маладыя бейсбалісты збіраюцца тут тры разы на тыдзень, шмат хто з мінакоў да гэтага часу дзівіцца такому спектаклю са сваім асабістым сцэнарам. Некаторыя дык і наўпрост перасякаюць поле, не хвалюючыся трапіць пад абстрэл мячыка (а ён, насамрэч, небяспечны). Беларускі бейсбол — ён такі: быццам, і зразумела, што да чаго, але калі дасканала не ведаеш правілы, успрымаеш гульню несур’ёзна.

Наталлю Пузырэўскую на першую трэніроўку прывёў аднакласнік, пакуль ёй вельмі падабаецца.

На вуліцы сонечна, таму дзеці сёння займаюцца на футбольным полі. Хлопчыкаў і некалькіх дзяўчынак ад 7 да 17 гадоў прывялі сюды розныя абставіны, але збольшага — менавіта «непапсовасць» гульні на беларускай зямлі. Дзеля яе асобныя адзінкі нават прыязджаюць на Габраўскую, 16, з іншых навучальных устаноў і канцоў Магілёва.

Аляксандр Каламеец.

Аляксандру Каламейцу 15 гадоў, у школу ён не ходзіць, знаходзячыся на хатнім навучанні. Такое рашэнне было прынята, бо ў хлопца праблемы з дысцыплінай. Характару падлетка настаўнікі не даюць рады, і многія педагогі здзіўляюцца, калі чуюць, што Саша ўжо доўга ходзіць на бейсбол, нават не прапускаючы трэніроўкі. На нядаўніх спаборніцтвах у Лагішыне у складаны момант у ім вельмі своечасова прачнуўся чалавек каманды. «Мне тут цікава ўсё: біць мячык, лавіць. Але больш за ўсё падабаецца тое, што ў гульні ты можаш выйграваць», — на хвілінку сядае адпачыць Саша і зноў выбягае на поле.

З дысцыплінай на трэніроўках строга. Забароненыя мацюкі, бойкі, усялякая штурханіна і выкарыстоўванне амуніцыі не па прызначэнні. Махаеш бітай па-за полем — будзь добры прабегчы крос або адціснуцца. Пад «пакаранне» можа трапіць нават самы працавіты і выхаваны, бо эмоцыі зашкальваюць.

Парушыў дысцыпліну — адціскайся.

Данііл Старавойтаў.

Данік Старавойтаў, які звычайна стаіць на пазіцыі пітчара, кажа, што тут ён атрымлівае задавальненне, якое да гэтага не адчуваў ніколі ў жыцці: «Я займаўся рознымі відамі спорту, але толькі бейсбол мяне захапіў. Тут усе гуляюць, як адзін. Я веру ў сваіх сяброў, і гэта надае мне моц, уздымае настрой».

Для Даніка, як і для многіх іншых юнакоў, трэніроўкі — гэта файная эмацыянальная разрадка. Хтосьці з іх гадуецца без бацькоў, у кагосьці ў сям’і п’юць, іншыя — з няпоўных сямей.

Ксенія Старс.

Бацькі 17-гадовай Ксюшы таксама развяліся, а дзяўчына ўзяла сабе «зорнае» прозвішча маці, з якой зараз і жыве: Старс. Яна займаецца бейсболам з 15 гадоў і ледзь не заўсёды была адзінай дзяўчынкай на ўсіх спаборніцтвах: «Калісьці ў Мінску я выступала за «Магілёўскіх ільвоў», і кожны раз, калі ў мяне трапляў мяч, так званая «поўха», мужчыны падбягалі і прасілі прабачэння. Яны моцна кідаюць, гэта так. Без сінякоў не абысціся». Ксюша ўзгадвае, што да таго, як пачаць граць у каманднай гульне, сцераглася людзей: «Бейсбол дапамог мне не баяцца выходзіць у свет, спакойна нешта расказваць і гэтак жа адказваць на пытанні». Дзяўчына рыхтуецца да выпускнога, пасля школы яна збіраецца вывучыцца на ветэрынара, але вельмі спадзяецца, што зможа нейкім чынам працягваць займацца любімым спортам на Віцебшчыне, дзе пакуль бейсболу няма.

«Нехта, вядома, з’едзе з Магілёва, але будуць і тыя, хто застанецца. Мы вельмі спадзяемся, што хлопцы і дзяўчаты падрастуць і стануць моцнымі «львамі»», — дзеліцца марамі трэнер Андрэй Панасенка. Пакуль што «Team-34» не займае высокіх месцаў, але яны толькі-толькі ўдыхнулі паветра спаборніцтваў, так што ўсё, відаць, наперадзе.

«Бейсбол зноў уключылі у праграму Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у 2020 годзе. У краіне існуюць годныя клубы, якія здольныя прадставіць краіну. Але нашай камандзе, канечне, пра такі ўзровень казаць яшчэ рана. Аднак ёсць куды імкнуцца. Зараз мы толькі ствараем падмурак для развіцця масавага бейсбола, без якога нічога не будзе. Гэта і наша галоўная мэта і проста сэнс нашай працы», — падсумоўвае Дзмітрый Дзмітрыеў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру