Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Людаса Румбуціса разгромна прайгралі 31 мая равеснікам з Расіі ў таварыскім матчы ў Маскве.

rfs.ru

rfs.ru

Беларускія футбалісты прапусцілі 7 мячоў. Пры гэтым пасля першага тайма лік быў 0:2, а ў другім расіяне забілі яшчэ 5 разоў.

Па ходзе сустрэчы браму беларускай каманды абаранялі тры галкіперы. Дзяніс Шчарбіцкі прапусціў двойчы, Максім Шышлоў — тройчы, Павел Паўлючэнка — двойчы.

7 чэрвеня на мінскім стадыёне «Трактар» матчам супраць каманды Сан-Марына моладзевая зборная Беларусі стартуе ў адборачным турніры моладзевага ЧЕ-2019. Сапернікамі беларускай дружыны па 1-й кваліфікацыйнай групе стануць таксама каманды з Харватыі, Чэхіі, Грэцыі, Малдовы. Пераможцы 9 адборачных груп атрымаюць пуцёўкі ў фінальную стадыю турніру, чатыры найлепшыя каманды з тых, што занялі другія месцы, будуць падзеленыя на дзве пары і правядуць стыкавыя матчы за пуцёўкі на чэмпіянат Еўропы, піша Tut.by.

Фінальную стадыю моладзевага Еўра-2019 прыме Італія, гэты турнір стане таксама кваліфікацыяй на Алімпіяду-2020 у Токіа.

Сёння ж, 1 чэрвеня, таварыскі матч правядзе нацыянальная зборная. Яна згуляе ў гасцях супраць Швейцарыі.

9 чэрвеня — у Барысаве матч адборачнага турніру ЧС па футболе супраць Балгарыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0