МНС Расіі

МНС Расіі

Перад падзеннем Ту-154 Мінабароны Расіі ў Чорнае мора ў снежні 2016 года камандзір паветранага судна Раман Волкаў дрэнна арыентаваўся ў прасторы. Пра гэта са спасылкай на неназваных удзельнікаў расследавання і экспертаў напісаў «Коммерсант» адразу пасля публікацыі афіцыйнай версіі Мінабароны пра магчымую віну пілота ў катастрофе.

Як сцвярджаюць крыніцы газеты, перад адпраўкай з аэрапорта Сочы Волкаў не адразу зразумеў, з якой з дзвюх узлётна-пасадачных палос ён павінен узлятаць. Затым, ужо ў паветры, ён пачаў «эмацыйна, з ужываннем ненарматыўнай лексікі, высвятляць у экіпажа, якім менавіта курсам яны ўзляцелі». Ніякіх канкрэтных цытат з бартавых самапісцаў выданне не прыводзіць.

Самалёт, па версіі ананімных крыніц «Коммерсанта», пачаў набор вышыні з патрэбным вуглом 15 градусаў, але затым Волкаў адхіліў штурвал ад сябе, замарудзіўшы ўздым. На 53-й секундзе палёту камандзір распарадзіўся прыбраць закрылкі, хоць Ту-154 яшчэ не падняўся да 500 метраў. У выніку на адзнацы 231 метр самалёт пачаў зніжацца.

Пасля гэтага Волкаў, як адзначае «Коммерсант», здзейсніў «самагубныя» дзеянні: ён рэзка нахіліў борт налева, задаўшы яму нахіл 53 градусы.

Гэта паскорыла зніжэнне, а ўжо на 73-й секундзе самалёт зачапіў левым крылом ваду і разваліўся. Неназваныя эксперты газеты назвалі такія паводзіны «панічным шараханнем з боку ў бок чалавека, які нібыта заблукаў у лесе», яны палічылі, што Волкаў арыентаваўся не на прыборы, а на свае падманлівыя адчуванні.

«Коммерсант» таксама паказвае, што Мінабароны пацвердзіла версію пра страту пілотам арыентацыі, якую газета вылучала «ў якасці прыярытэтнай яшчэ 9 студзеня». Пры гэтым у сакавіку «Коммерсант» пісаў, што дзеянні Волкава нагадвалі рэжым пасадкі на ваду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0