Следчыя распачалі крымінальную справу ў дачыненні да 33-гадовай жанчыны з Пінска, якая падазраецца ў незаконным пазбаўленні волі трэцякласніка.
15 мая пацярпелы разам з сябрам ішоў у гімназію. Па дарозе вырашылі зайсці да аднакласніка. У пад'ездзе да хлопцаў падышла невядомая жанчына і сілай зацягнула аднаго з іх у сваю кватэру. Жанчына ўтрымлівала хлопчыка каля 30 хвілін, з 13.00 да 13.30, і не давала яму сысці.
«Пры гэтым яна, выказваючы ў адрас школьніка розныя пагрозы, нанесла яму некалькі удараў нажом па розных частках цела», - паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.
Сябар пацярпелага распавёў пра ўсё яго бацькам, а тыя звярнуліся ў міліцыю. Пасля таго, як праваахоўнікі вызвалілі хлопчыка, яго павезлі ў бальніцу з множнымі павярхоўнымі ранамі і ранамі ў вобласці твару, цела і рук. Пасля аказання першай медыцынскай дапамогі яго адпусцілі дадому.
У дачыненні да жанчыны следчыя распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 183 КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі.