Аляксандр Лукашэнка патрабуе пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе аб стратэгіі развіцця галіны.

«Няма неабходнасці яшчэ раз казаць пра важнасць гэтага пытання. Калісьці я ўжо казаў, што гэтае пытанне накшталт незалежнасці нашай дзяржавы.

Мы павінны зрабіць усё, каб гарантаваць энергетычную незалежнасць і бяспеку Беларусі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны выпрацаваць план дзеянняў па вываду нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў з існуючай дрэннай сітуацыі».

Лукашэнка звярнуў увагу, што нафтаперапрацоўка — гэта стратэгічная галіна краіны, доля якой у прамысловасці складае больш за 13%, а ў экспарце — каля 17%. «Тым не менш, яе ўклад у беларускую эканоміку, на жаль, зніжаецца. Дададзеная вартасць нафтаперапрацоўкі ў ВУП ў 2016 годзе складае ўсяго паўпрацэнта. Уклад двух нафтаперапрацоўчых заводаў супастаўны, напрыклад, з такой кампаніяй, як «Белтэлекам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у 2016 годзе з'явілася негатыўная тэндэнцыя ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, сальда па выніках года ацэньваецца як адмоўнае. «Такая сітуацыя выклікае сур'ёзныя асцярогі. Нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну», — адзначыў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што айчынныя прадпрыемствы апынуліся не гатовыя працаваць у новых умовах сусветных коштаў на нафту, хоць павінны былі дзейнічаць на апярэджанне.

«А цяпер «Нафтан «ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы», — заўважыў ён.

«Улічыце, на першым месцы павінна быць эканоміка нафтаперапрацоўкі, выніковасць яе працы», — папярэдзіў беларускі лідар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?