Гэтую гісторыю кахання Толкін прыдумаў пасля вяртання з акопаў Першай сусветнай

Гэтую гісторыю кахання Толкін прыдумаў пасля вяртання з акопаў Першай сусветнай

Праз стагоддзе пасля напісання кніга аўтара «Уладара пярсцёнкаў» Джона Рональда Руэла Толкіна пра Берэна і Лютыэн апублікавана і з'явілася на прылаўках кнігарняў.

Гісторыя кахання Берэна і Лютыэн — гэта гісторыя кахання смяротнага мужчыны і несмяротнага эльфа. Выйшаўшы замуж за звычайнага чалавека, Лютыэн адмовілася ад неўміручасці ў імя кахання.

Новую кнігу можна ахарактарызаваць як вельмі асабістую гісторыю, у ёй змяшчаюцца версіі казачнага апавядання, якое з'яўляецца часткай эпічнага «Сільмарыліёна».

Кнігу рэдагаваў 92-гадовы сын пісьменніка Крыстафер Толкін, выданне праілюстраваў Алан Лі, які ў свой час атрымаў прэмію «Оскар» за працу над кінатрылогіяй Пітэра Джэксана «Уладар пярсцёнкаў».

Кніга выйшла ў выдавецтве HarperCollins у дзясятую гадавіну публікацыі апошняй кнігі пра Міжзем'е «Дзеці Хурына».

Літаратуразнаўца, спецыяліст па творчасці Толкіна Джон Гарт мяркуе, што для пісьменніка яго гісторыі былі свайго роду экзарцызмам у выніку тых жахаў, сведкам якіх ён стаў у ходзе Першай сусветнай вайны.

«Калі Толкін вярнуўся з акопаў, з ліхаманкай, зіму 1916-1917 гадоў ён правёў, спрабуючы акрыяць. Ён страціў двух сваіх самых блізкіх сяброў на Соме, і вы можаце сабе ўявіць, як ён быў знясілены, — распавядае Гарт.

А потым у час прагулкі ў лясах Усходняга Ёркшыра Толкін ўбачыў, як яго жонка Эдыт танчыць на паляне, зарослай белымі кветкамі — гэта стала ключавой сцэнай гісторыі пра Берэна і Лютыэн.

«Толкін адчуў тады такую радасць і захапленне, якіх, магчыма, не адчуваў больш ніколі», — кажа Гарт.

Алан Лі таксама працаваў над фільмамі трылогіі «Уладар пярсцёнкаў»

Алан Лі таксама працаваў над фільмамі трылогіі «Уладар пярсцёнкаў»

Для новай кнігі Крыстафер Толкін узяў арыгінальную гісторыю бацькі, захаваўшы стыль і форму падання, які стаў у свой час часткай «Сільмарыліёна».

Імёны Берэн і Лютыэн высечаныя на надмагільным камені Джона Раналда Руэла Толкіна і яго жонкі Эдыт на могілках у Оксфардзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?