У труне прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, які загінуў пры крушэнні Ту-154 пад Смаленскам у 2010 годзе, выяўленыя фрагменты цел двух іншых чалавек, паведамляюць польскія СМІ са спасылкай на заяву намесніка генеральнага пракурора краіны Марэка Пасенека.
Раней паведамлялася, што ў некаторых магілах ахвяр смаленскай авіякатастрофы знайшлі фрагменты цел іншых людзей. Намеснік пракурора пацвердзіў гэта, удакладніўшы, што фрагменты іншых цел былі знойдзеныя ў дзевяці пахаваннях, піша ВВС.
Эксгумацыя цел ахвяр катастрофы праводзіцца ў рамках новага расследавання прычыны крушэння прэзідэнцкага Ту-154. У сярэдзіне лістапада першымі былі эксгумаваныя парэшткі Леха Качыньскага і яго жонкі.
Пракуроры тлумачылі, што эксгумацыя праводзіцца з мэтай выпраўлення памылак і хібаў, дапушчаных пры першапачатковай экспертызе цел, якая праводзілася расійскімі крыміналістам.
Усяго ўлады плануюць эксгумаваць парэшткі 83 ахвяр крушэння на працягу года. На дадзены момант праведзена 27 эксгумацый, яшчэ шэсць адбудуцца ў чэрвені, а ў самыя гарачыя месяцы, у ліпені і жніўні, эксгумацыя праводзіцца не будзе, дадаў ён.
Польская пракуратура правярае, ці ёсць віна расійскіх медыкаў у тым, што парэшткі апынуліся ў розных магілах.
«Вядзецца асобны разгляд аб адказнасці расійскіх медыкаў. Мы накіравалі ў Расію запыт аб прававой дапамозе», — сказаў Пасенек.
Следства пакуль не мае даных аўтапсіі, якія плануецца апублікаваць у чэрвені, удакладніў Пасенек. Канчатковыя вынікі ўскрыцця ахвяр, імаверна, будуць апублікаваныя вясной наступнага года.
Па словах Пасенека, эксперты павінны адказаць на пытанне аб прычынах і абставінах смерці пасажыраў Ту-154.
Даследаванне і аналіз парэшткаў праводзіцца ў замежных лабараторыях, у прыватнасці, у брытанскай, у графстве Кент.





