На мінулым тыдні ў інтэрнэце з'явілася база для пошуку продкаў, якая налічвае больш за 47 тысяч населеных пунктаў і больш за 300 тысяч прозвішчаў. Яе ў адкрыты доступ выклаў Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі (БелНДЦЭД).
«Наша Ніва» вырашыла крыху пагуляцца з вядомымі ў краіне прозвішчамі. Паглядзець, адкуль патэнцыйна могуць паходзіць тыя ці іншыя роды.
Прозвішча «Шэйман», якое носіць былы дзяржсакратар Рады бяспекі і цяперашні кіраўнік спраў прэзідэнта, сустракаецца ў пошукавіку ўсяго тройчы. Дзве згадкі з трох вядуць у Карэліцкі раён.
І хоць сам Шэйман нарадзіўся ў Воранаўскім раёне, але яго бацькі былі не мясцовымі, яны прыехалі на самы захад Беларусі акурат з Карэліцкага раёна.
Прозвішча былога прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча можна знайсці чатыры разы. Двойчы ў Жыткавіцкім раёне, а яшчэ двойчы — у Нясвіжскім. Мясніковіч паходзіць са Снова Нясвіжскага раёна.
Цяперашні прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў нарадзіўся ў Расіі. Цікава, што ў Беларусі прозвішча Кабякоў існуе ў двух геаграфічна аддаленых адна ад адной кропках — на Віцебшчыне (Гарадоцкі і Полацкі раёны) і на Гомельшчыне (Гомельскі, Хойніцкі і Добрушскі раёны).
Давыдзькі (такое прозвішча ў старшыні Белтэлерадыёкампаніі) сустракаюцца ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. Адразу тры такія вёскі. Генадзь Браніслававіч родам з Папоўкі.
Вакульчыкаў, як аказалася, вельмі багата. Цёзкі па прозвішчы і сваякі старшыні КДБ кампактна пражываюць на Берасцейшыне, а менавіта ў Драгічынскім раёне. «Наша Ніва» даўно пісала, што Вакульчык паходзіць менавіта з тых мясцін, хаця афіцыйныя біяграфіі пра гэта маўчаць.
А вось прозвішча былога кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Косінца сустракаецца выключна ў Талачынскім раёне. Сам Косінец з Аршанскага. Гэта блізка, але ў даведніку не зафіксавана зусім.
Пяройдзем да апазіцыйных палітыкаў. Прозвішча Севярынец сустракаецца на мапе толькі ў Рэчыцкім раёне. Сам Павел нарадзіўся ў Аршанскім, а гадаваўся ў Віцебску. Рэчыцкі ж раён зусім не выпадковы, адтуль паходзіць бацька палітыка і пісьменніка.
Прозвішча Лябедзька сустракаецца ў дапаможніку тройчы: у Чачэрскім, Жлобінскім і Стаўбцоўскім раёнах. Менавіта з апошняга родам старшыня АГП.
Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч нарадзіўся ў Мінску, але род ягоны паходзіць з Баранавіцкага раёна. На карце лёгка знайсці гэтаму пацверджанне. Прозвішча Янукевіч таксама мае рэдактар недзяржаўнай баранавіцкай газеты Intex-press.
З колішнім кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам таксама ўсё зразумела. У асноўным такое прозвішча сустракаецца ў Шчучынскім раёне, ёсць нават родныя для палітыка Бершты.
Дакладна паказвае адкуль род мільянера Шакуціна — Аршанскі раён. А вось прозвішча іншага «алігарха» — Машэнскі — не сустракаецца зусім.
Гэтак сама немагчыма знайсці ніводнага Міхалка. А вось прозвішча Варашкевіч (як у лідара гурта «Крама») найчасцей сустракаецца ў Салігорскім раёне. Сам Варашкевіч родам з Баранавіч.
Не знаходзіць разумная машына ніводнага «Горвата». Затое дае мноства спасылак на Хадановічаў з Кармянскага раёна Гомельшчыны.
Прозвішча Глеб, як у самага славутага беларускага футбаліста, сустракаецца чатыры разы, але толькі ў двух раёнах — Ганцавіцкім і Мінскім.





