Міністр замежных спраў Уладзімір Макей не можа пацвердзіць патаненне шэнгенскіх візаў з 1 студзеня 2018 года. Пра гэта ён заявіў на міжнароднай канферэнцыі «Мінскі дыялог».
«Я не магу сказаць пра патаненне шэнгенскіх візаў для беларусаў з новага года, — паведаміў журналістам Уладзімір Макей. — Вы звярніцеся да тых калегаў, якія робяць заявы такога кшталту».
30 мая начальнік дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун выказаў надзею, што да канца года будзе падпісанае пагадненне з ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму.
«Пасля ўступлення ў сілу пагаднення шэнгенскія візы беларусы змогуць атрымліваць на больш доўгі тэрмін — у тым ліку на 3 і 5 гадоў», — казаў Бягун.
Паводле Макея, перамовы з ЕС у гэтым пытанні працягваюцца.
«Спатрэбіцца час на ліквідацыю тэхнічных пытанняў, якія ў цяперашні час прысутнічаюць у нашым парадку дня, — сказаў міністр. — Я б не рабіў трагедыі што да тэрмінаў спрашчэньня візавага рэжыму з ЕС. Мы працуем над гэтым».